Юрый Волчык з’яўляецца старэйшым кіраўніком сельсавецкага корпуса раёна
Узначальвае ён Людзяневіцкі сельвыканкам вось ужо больш як тры дзясяткі гадоў. У 1987 годзе, калі прыйшоў на згаданую пасаду (яму было 25 гадоў), цвёрда засвоіў, што работа гэтая не толькі ганаровая, але вельмі сур’ёзная, да многага абавязвае. Менавіта вясковая ўлада адказвае за ўсё, што адбываецца на адміністрацыйнай тэрыторыі. З такім перакананнем Юрый Аляксандравіч і распачаў уласную дзейнасць на новым месцы працы.
Першыя крокі
Канечне, пачынаць новую справу заўсёды няпроста. Вось і Юрый Аляксандравіч таксама непакоіўся, ці правільна ён зрабіў, што ў такім маладым узросце пагадзіўся ўпрагчыся, вобразна кажучы, у воз вясковых праблем. Тым больш сябры таксама казалі:” Навошта. Гэта ж колькі клопату”. Тады Волчык свайго рашэння не памяняў, а паспадзяваўся — землякі дапамогуць. У вёсцы Сялко прайшло яго маленства, а ў Людзяневічах — школьныя гады. У мясцовай гаспадарцы, пачаў і працоўны шлях, закончыўшы з чырвоным дыпломам Рэчыцкі сельгастэхнікум. Пасля службы ў арміі вярнуўся ў саўгас, дзе брыгадзірстваваў, спалучаючы з вучобай у Горацкай сельгасакадэміі. Вось з такім багажом ведаў і вопыту пачаў кіраваць. Хутка старшыня зрабіў для сябе важную выснову, якая і цяпер дапамагае паспяхова спраўляцца з абавязкамі.
— Старшыня Савета павінен добра ведаць, як і чым жыве кожны вясковец, асабліва тыя, якіх грамадства адносіць да групы рызыкі, — гаворыць Юрый Аляксандравіч, — і так да самых драбніц не толькі таго, што тычыцца жыццядзейнасці насельніцтва, работы сацыяльнай сферы, але і вытворчых пытанняў. А гэта сведчыць аб адным, праблем рэчаіснасць падкідвае безліч і іх патрэбна вырашаць.
У кожны перыяд дзейнасці ў сельвыканкамаў былі свае прыярытэтныя задачы. Пэўны адрэзак часу праз Саветы ішло фінансаванне аб’ектаў сацкультбыту, і вясковай уладзе даводзілася займацца іх утрыманнем. Былі гады, калі на сельсаветах ляжаў клопат па закупу лішкаў сельгаспрадукцыі. Цяпер асноўны акцэнт робіцца на добраўпарадкаванні населеных пунктаў і ўвядзенні невыкарыстоўваемых земляў у гаспадарчы абарот. Але галоўнае тут, усе гэтыя захады накіраваны дзеля карысці людзей.
…і адзін дзень
Каб у поўнай ступені адчуць, які ж ён хлеб старшыні сельвыканкама, найлепшы спосаб для гэтага, правесці хаця б некалькі гадзін побач з ім на працы. Аб гэтым і дамаўляемся з Юрыем Аляксандравічам. “Папярэджваю адразу, рабочы дзень пачынаецца ў мяне каля сямі раніцы, — заўважае Волчык. — Згодныя, тады , калі ласка, прашу”.
Канечне, як кажуць дзень на дзень не прыходзіцца, але праведзены ў Людзяневіцкім сельвыканкаме па сваёй насычанасці і напружанасці запомніцца надоўга. Усё пачалося з аб’езду са старшынёй тэрыторый тых паселішчаў, адкуль вечарам паступілі паведамленні аб праблемах, якія не паспелі вырашыць учора.
— Гаспадарка ў мяне вялікая, — жартуе Юрый Аляксандравіч. — У адных Людзяневічах 13 вуліц і завулкаў, а яшчэ і 12 вёсак. І ўсё пільнага нагляду патрабуе. Такі маршрут для мяне звычны. Да пачатку рабочага дня імкнуся яго асіліць.
Сапраўды, згодна з распарадкам ужо быў у Савеце. Тут сустракае старшыню людское шматгалоссе. Нехта прыйшоў за даведкай, іншаму патрабуецца кансультацыя, як правільна ўступіць у спадчыну, ці знесці старую будыніну. І ўсе наведвальнікі, як гэта прынята, імкнуцца дамагчыся свойго хутчэй. Таму прыём грамадзян пачынаецца яшчэ ў калідоры. На пытанні, якія не патрабуюць дадатковага вывучэння і разбірацельства, Волчык адказвае сам, больш складаныя запісвае, каб паведаміць заяўніку пасля кансультацый са спецыялістамі. Не паспеў яшчэ кіраўнік сельвыканкама з усімі наведвальнікамі разабрацца, як ужо адазваўся тэлефон. Званіў дырэктар акцыянернага таварыства “Людзяневічы” Анатоль Санюк:
— Аляксандравіч, ёсць магчымасць выдзеліць у ваша распараджэнне трактар з дыскамі. Куды яго накіроўваць?
Акрэсліўшчы задачы для механізатара па навядзенні парадку на зямлі, старшыня Савета імгненна пераключаецца на праблему чарговага субяседніка, які зайшоў у кабінет. Толькі скончыў з ім, як паступае чарговае тэлефанаванне. На гэты раз з Браніслава, ад В. Дудзіч. Жанчына чакае дапамогі ад улады па ўборцы аварыйных дрэваў на мясцовых могілках.
Яшчэ не паспела слухаўка легчы на апарат, а дзверы службовага пакоя расчыняе жыхар вёскі Сялко М.Таргонскі. Мужчына скардзіцца на дрэнны стан дарогі да свайго паселішча. Юрый Аляксандравіч, не адкладваючы ў доўгую скрыню, звязваецца з кіраўніком ДЭУ-111 Мікалаем Штукаром, каб той удакладніў сітуацыю па пытанні. Яна, па словах апошняга, на кантролі і пры першай магчымасці шлях дарожнікі адрамантуюць.
Кожная размова старшыні з людзьмі праходзіць карэктна, па-дзелавому. Таму вяскоўцы, задаволіўшы ўласныя патрэбы, разыходзяцца.
— У мяне так кожная раніца складваецца, — дзеліцца ўражаннямі старшыня. — У сельвыканкамах указам прэзідэнта вызначаны адзіны дзень прыёма грамадзян па асабістых пытаннях. Гэта серада з васьмі раніцы і да абеда, але я даўно прымаю людзей у любы зручны для іх час.
Пакуль не навалілася новых клопатаў Волчык праводзіць невялікую планёрку з кіраўніком справамі Кацярынай Гусціновіч і інспектарам Аленай Цырыбка, дзе акрэсліваецца план дзеянняў на сёння. Пытанні агаворваюцца самыя розныя. З галоўным бухгалтарам Марыяй Кулакевіч распрацоўваецца спосаб фінансавання работ. Далей старшыня зноў кіруецца на адміністрацыйную тэрыторыю. Найперш выязджае ў Доўгую Дуброву. Тут у яго намечана наведацца па некалькіх адрасах Напачатку Волчык наносіць візіт да адзінокай пенсіянеркі В. Рудэнка. У яе ёсць пытанні па дзейнасці сацыяльнага работніка і аўтамагазіна. Таму з такімі пажылымі вяскоўцамі Юрый Аляксандравіч пераважна імкнецца гутарыць у іх дамах. Карысць ад гэтага відавочная: дзядулям і бабулям імпануе, што кіраўнік іх не цураецца, а для яго дадатковая магчымасць болей даведацца пра турботы, каб паспяхова вырашыць. Наведваючы Доўгую Дуброву, Волчык абавязкова заязджае на тутэйшыя могілкі, каб паглядзець, ці ўсё тут у парадку, а пры неабходнасці нешта паправіць хутка арганізоўвае людзей на справу.
З Доўгай Дубровы трапляем у Браніслаў. Па дарозе кіраўнік сельвыканкама ўважліва вывучае стан домаўладанняў і тэрыторый ля іх. Гэта для таго, каб нагадаць гаспадарам, што парадак патрэбна падтрымліваць пастаянна. У апошнім населеным пункце старшыня Савета затрымліваецца не на адну гадзіну. Спачатку наведвае сям’ю, якая знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы.
— З такімі ячэйкамі грамадства працуюць не толькі наша назіральная камісія, але і работнікі сельсавета, школы індывідуальна на пастаяннай аснове, — канстатуе Юрый Аляксандравіч. — На мой погляд, асабісты прыклад бацькоў — найлепшы метад выхавання дзяцей. Аб чым неаднаразова нагадваем на школьных сходах, падчас абходаў на даму. Сем’і, дзе ёсць непаўналетнія дзеці — асаблівы клопат вясковай улады. Як і хаты з пячным ацяпленнем. Для гаспадароў гэта не толькі камфорт, але і праблема. Асабліва тады, калі яны ўспамінаюць пра грубкі перад пачаткам зімы. А печы патрабуюць пастаяннага догляду. Без яго і бяды чакаць нядоўга.
Чарговы прыпынак ля падворка П. Катовіча. Тут кіраўнік адміністрацыйнай тэрыторыі цікавіцца, ці справіліся з аварыйным дрэвам. Што справа зроблена паспяхова, сведчыць падзяка гаспадыні. Праверыў Юрый Аляксандравіч як работнік сельсавета даглядае за станам пустуючага надзела. Завітаў і на мясцовы фельчарска-акушэрскі пункт, у Людзяневіцкую амбулаторыю. У апошняй працуе член сельвыканкама Э. Кацуба. У старшыні вясковай улады сустракацца раз у месяц з медыкамі стала жалезным правілам. І гэта невыпадкова. Дэмаграфічная сітуацыя складваецца і ў Людзяневіцкім Савеце невельмі добра.
Закончыў Волчык рабочы дзень у вёсцы Сялко, дзе правёў прафілактычную гутарку з грамадзянінам Салавей на тэму правільнага ўтрымання сабакі. Паштальён ужо два разы скардзілася на гаспадара, які ігнаруе ўстаноўленыя правілы абыходжання з жывёлінай.
Юрый Аляксандравіч пад час гутаркі не хавае, што не ўсім вяскоўцам падабаецца ўвага і клопат сельвыканкама, асабліва, калі гэта пільная просьба навесці парадак у хаце і на падворку, не злоўжываць спіртным, працаўладкавацца, належна займацца выхаваннем дзяцей. Таму і служыць, каб меней стала ў паселішчах такога негатыву.
а што ў выніку
Праведзены дзень у Савеце паказаў, наколькі вялікі зрэз праблем вясковага жыцця даводзіцца разглядаць мясцовай уладзе. Канечне, дабіцца станоўчага выніку без падтрымкі актыва ёй, было б не па сілах. Але Волчыку ўдалося сфарміраваць дзеяздольную каманду. Пад яго старшынствам Людзяневіцкі сельскі Савет стаў адным з лепшых у нашым раёне. Аб гэтым яскрава сведчаць наступныя заслугі: перамога ў рэспубліканскім конкурсе сярод сельвыканкамаў, дзве — у аналагічным абласным змаганні. Неаднаразова назва згаданага Савета ўпрыгожвала раённую Дошку гонару. Чым не пацверджанне, што чалавек і яго каманда знаходзяцца на сваім месцы і сумленна працуюць на карысць малой радзімы і яе жыхароў.
Сяргей Белка
Фота аўтара