Першы рэгіянальны фестываль “На зямлі Кірылы Тураўскага” сабраў шмат гасцей
Шмат гасцей сабраў першы рэгіянальны фестываль літаратуры, культуры і мастацтва “На зямлі Кірылы Тураўскага”. Прайшло мерапрыемства ў Жыткавічах і па ацэнцы яго ўдзельнікаў мае стаць традыцыйным.
Што і казаць, пастараўся старшыня Гомельскага абласнога аддзялення саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч, каб у нашым краі было належна ўшанавана роднае Слова. Напярэдадні фестывалю кіраўніком творчай арганізацыі быў аб’яўлены літаратурны конкурс “Табе пяю, малая Радзіма”, прысвечаны памяці творцы-земляка Міколы Гамолкі. Ініцыятыва Уладзіміра Мікалаевіча атрымала шырокую падтрымку ў жыхароў нашага раёна і Петрыкаўскага. На суд журы было даслана амаль сотня вершаў і апавяданняў. Падчас фестывалю асноўнай яго дзеяй і стала ўзнагароджванне пераможцаў і прызёраў.
Усе госці мерапрыемства а адзінаццатай гадзіне сабраліся ў сярэдняй школе №1 райцэнтра. І невыпадкова, бо менавіта ў гэтай навучальнай установе размясціўся адзіны ў рэспубліцы музей, дзе захоўваецца памяць аб беларускім пісьменніку Міколу Гамолку. З экскурсіі па выставе і пачалося свята. Дарослыя і дзеці з вялікай цікавасцю слухалі аповед пра жыццё і творчасць нашага знакамітага земляка. Дарэчы, пуцёўку ў літаратуру яму дала Жыткавіцкая раённая газета, дзе ўпершыню апублікавалі вершы аўтара. Журналісты нават даслалі творы Міколы Якубу Коласу, каб той ацаніў іх вартасць і даў карысныя парады пачаткоўцу. Вядомы літаратар прыхільна паставіўся да гэтага і ў сваім лісце, так бы мовіць, багаславіў Гамолку, быццам прадбачыў, што хлопец толькі прынясе карысць на культурнай ніве роднай Бацькаўшчыны. І Колас не памыліўся. Гамолка падараваў нямала цудоўных кніг як юным, так і дарослым чытачам. На гэтым і не толькі акцэнтаваў увагу прысутных ў сваім выступленні старшыня Гомельскага аддзялення саюза Пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч. Ён адзначыў, што Жыткавіцкая і Петрыкаўская зямля ўзгадавалі не аднаго талента, пачынаючы са старажытнасці і да нашых дзён.
– Творы слаўных уладароў слова з гэтага куточка Палесся на працягу многіх стагоддзяў услаўляюць Беларусь, – адзначыў Уладзімір Мікалаевіч. – І пакінутая імі спадчына заўсёды будзе для нашчадкаў прыкладам служэння Айчыне, вялікай любові да яе. Напісанае імі навечна застанецца не толькі ў мастацкай скарбонцы краіны, але і сусветнай культуры.
Пераканаўчым доказам гэтых слоў стала запальванне намеснікам старшыні райвыканкама Леанідам Валатоўскім, настаяцелем храма Феадосія Чарнігаўскага айцом Мікалаем і старшынёй абласной пісьменніцкай арганізацыі Уладзімірам Гаўрыловічам свечак у гонар трох культур: беларускай, рускай і украінскай. Менавіта пад іх нязгасным полымем і адбывалася ўся дзея свята. На сцэне гарадскога Цэнтра культуры мілагучна, несціханна гучалі паэтычныя радкі з вуснаў пачаткоўцаў і слынных майстроў-творцаў. У ліку апошніх у фестывалі на Жыткаўшчыне паўдзельнічалі: паэты – член савета Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, галоўны рэдактар газеты “Нефтяник” і аднайменнага навукова-папулярнага часопіса РУП “Беларуснафта”, лаўрэат Міжнароднай прэміі Баяна Лілія Вялічка, член СПБ і Міжнароднага Саюза пісьменнікаў і дзеячоў мастацтва, лаўрэат абласной прэміі імя Кірылы Тураўскага Валерый Вятошкін, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і шэрагу міжнародных гільдый літаратуры, ушанованая мноствам літаратурных прэмій Вольга Раўчанка, прадстаўнік Міжнароднага Саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтва, украінец Сяргей Канаваленка, музыка, кампазітар, член Міжнароднага Саюза пісьменнікаў і дзеячоў мастацтва Леанід Задарожны. Творцы пазнаёмілі гледачоў у зале са сваёй творчасцю. Дарэчы, яна на фестывалі, вобразна кажучы, лілася ракой. Да густу ўсім прыйшліся выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстроў нашага рэгіёна, літаратуры, а таксама музычныя нумары, якія ўсім падаравалі самадзейныя артысты з нашага краю. Цудоўны падарунак, кніжкі сучасных аўтараў, старшыня абласнога аддзялення “Саюз пісьменнікаў Беларусі” падараваў Жыткавіцкай бібліятэцы.
Як сказаў Уладзімір Гаўрыловіч, гэта яскрава даказвае, што талентаў на Петрыкаўшчыне і Жыткаўшчыне і зараз вялікае мноства, і яны імкнуцца данесці духоўныя каштоўнасці малой радзімы людзям. Уладзімір Мікалаевіч з вялікім задавальненнем узнагародзіў прызёраў і пераможцаў літаратурнага конкурсу. Яго галоўныя прызы атрымалі: Уладзімір Кот, вучань восьмага класа Браніслаўскага дзіцячага сада-базавай школы, Фаіна Каліцька, васьмікласніца Капаткевіцкай сярэдняй школы, а таксама настаўніца СШ №1 райцэнтра Юлія Сахарава.
Па словах Уладзіміра Ката, для яго перамога была нечаканай. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Цупік адзначае, што гэта толькі другі верш, напісаны Уладзімірам, але ён вельмі актыўна ўдзельнічае ў алімпіядах і конкурсах, хаця па характары вельмі сціплы. Як і сам пачынаючы паэт, так і яго настаўніца спадзяюцца, што ўдалы старт стане для Уладзіміра пляцоўкай для новых творчых здзяйсненняў.
Прыемна прысутнічаць, калі закладваецца добрая традыцыя, калі самыя лепшыя духоўныя здабыткі не толькі не забываюцца, але і маюць таленавітых прадаўжальнікаў. Бо ў сваіх творах дзеці і дарослыя услаўляюць малую радзіму, бацькоў, працалюбства землякоў, многія іншыя станоўчыя якасці палешукоў. Безумоўна, што і творчаму конкурсу ў памяць Міколы Гамолкі, і усяму фестывалю “На зямлі Кірыла Тураўскага” з такімі падыходамі і ўвагай застаецца толькі жыць і развівацца.
Сяргей БЕЛКА
Фота аўтара