Прэса жыць будзе!

Да прафесійных святаў мы звычайна рыхтуем тэматычныя матэрылы аб людзях працы.Не парушаць традыцый вырашылі і напярэдадні даты, якая аб’ядноўвае журналістаў розных пакаленняў. Калі ў рэдакцыі да апоўначы гарэў свет, за што судзіліся з раёнкай і як падымалі тыражы мясцовага выдання? Сваімі ўспамінамі падзяліўся Віктар Куземка, лёс якога больш за 20 гадоў быў звязаны з “Новым Палессем”.

– Віктар Адамавіч, ваша радзіма – Бярэжцы. Як вясковы хлопчык ступіў на рэпарцёрскую дарогу?

– На тое паўплываў настаўнік літаратуры Васіль Барысавіч Кошман. Ён адправіў маё сачыненне на рэспубліканскае радыё, якое прагучала ў перадачы “Крылы”. Тады і параіў пісаць заметкі ў раёнку. Першым, памятаю, апублікавалі мой верш. Потым ужо я расказваў пра розныя школьныя падзеі і калгаснікаў-перадавікоў. На факультэт журналістыкі паступіў пасля арміі, з рэкамендацыяй ад “Новага Палесся” і стосам газетных выразак са сваімі матэрыяламі. А дыплом атрымаў завочна.

– Вы класічна прайшлі ўсе прыступкі кар’еры. Атрыманы вопыт дапамагаў на пасадзе галоўнага рэдактара?

– Так, у штат мяне залічылі на трэцім курсе, у лютым 1975 года. Быў карэспандэнтам, загадчыкам аддзела, адказным сакратаром, намеснікам, хіба толькі фатографам не здарылася. Зразумела, калі ўзначаліў рэдакцыю, усю працу ведаў знутры. Газету падпісваў у друк з 1986 года, на працягу дзесяці гадоў. У раёнцы, лічу, прайшло маё жыццё. Але не буду хаваць, што працаваць журналістам падабалася больш. У рэдактара не стае часу для творчасці, ён па сутнасці – гаспадарнік.

– За савецкім часам прэса мела больш важкі аўтарытэт. Пра што пісалі журналісты і ці карысталася выданне папулярнасцю?

– Найвялікшы тыраж у тыя часы складаў шэсць з паловай тысяч экземпляраў. Як і цяпер заахвочвалі падпісчыкаў прызамі, праводзілі конкурсы сярод паштальёнаў, шмат сустракаліся з калектывамі. А на старонках больш расказвалі пра людзей. Былі, канечне, і крытычныя публікацыі, на якія адпаведныя службы неадкладна рэагавалі, прымаліся меры для выпраўлення сітуацыі. Газета падпарадкоўвалася райкаму партыі і райвыканкаму. Без удзелу першага сакратара РК КПБ не праходзіў ніводны рэдакцыйны сход. Ідэалогія была моцная.

– Віктар Адамавіч, а ці здараліся канфлікты з чытачамі?

– Так, аднойчы з газетай судзіліся. Журналіст напісаў, што некаторыя майстры прадаюць лес. Хаця прозвішча не было ўказана, адзін з работнікаў леспрамгаса прыняў гэта на свой рахунак і падаў іск. Адбылося выязное пасяджэнне суда. Дагэтуль упэўнены, што віны калегі не было, але выданне прымусілі надрукаваць прабачэнне.

– Што скажаце пра цэнзуру?

– Не прыпомню, каб матэрыялы насілі каму на зверку. Цэнзар быў у кожнага ў галаве. Журналіст нёс адказнасць за напісанае, а рэдактар, за тое, што ставіў у нумар.

– Якія ноў-хаў укаранялі?

– Напрыклад, рэдакцыі суседніх раёнаў абменьваліся матэрыяламі, раз у квартал выдавалі аб’яднаную газету. Часцей такім чынам мы супрацоўнічалі з Петрыкавам. Яшчэ была практыка штодзённага (замест трох разоў на тыдні) выхаду раёнкі падчас пасяўной і ўборкі хлеба. Рабілі яе падобнай на лістоўку, адным разваротам.

– Напэўна, за кошт таго, што друкаваліся на месцы, мелі больш часу на падрыхтоўку нумара?

– Бывала ўсяк. Звычайна аўрал здараўся, калі чакалі матэрыялы чарговага з’езду партыі. У паведамлены час іх чытаў радыёдыктар на спецыяльнай хвалі (у рэдакцыі для гэтых мэт быў транзістар “Акеан”). А машыністка на слых друкавала тэкст, які потым аддавалі ў набор на лінатып. І пакуль тыраж не выйдзе, мы заставаліся на працы. Здаралася, што і да двух-трох гадзін ночы не сыходзілі дадому.

– У старых падшыўках – шмат пазаштатных матэрыялаў, людзі ахвотна пісалі ў раёнку?

– За месяц на адрас рэдакцыі прыходзіла некалькі соцень пісьмаў. У кожным сельсавеце і многіх вёсках у нас былі, так бы мовіць, народныя карэспандэнты. У Тураве нават працавала грамадская прыёмная, куды народ ішоў як у рэдакцыю. Яе ўзначальваў вялікі энтузіяст Аляксандр Губанаў.

– Прэсе даўно прадказваюць сыход у нябыт. Ваша меркаванне?

– Прагрэс развіваецца хутка, усё цяпер захапіў Інтэрнэт. Моладзь – там, яна мала чытае “папяровую” інфармацыю. Але пакуль жыве савецкае пакаленне, напэўна, не памруць і газеты.

Гэта цікава

Пятага мая – прафесійнае свята ўсіх беларускіх журналістаў і выдаўцоў. Памятная дата перайшла да нас у спадчыну ад савецкага мінулага. У гэты дзень у 1912 годзе выйшаў першы нумар бальшавіцкай газеты “Праўда”. Па-сапраўднаму падзею адзначылі праз два гады пад знакам яднання шырокіх працоўных мас. Тады газета разышлася тыражом 130 тысяч экземпляраў, у фонд выдання паступіла звыш 16 тысяч рублёў.

У Расіі Дзень прэсы сустракаюць 13 студзеня з нагоды выхаду першай перыядычнай газеты “Ведомости” (1703 год). А Сусветны дзень свабоды друку па рашэнні Генеральнай асамблеі ААН прыпадае на 3 мая.

Святлана ШАКАЛЯН

Фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.