Жыткавічы мінулым суботнім вечарам праводзілі ў дарослае жыццё выпускнікоў
Калі дрэвы былі вялікімі, школьныя калідоры — доўгімі, а лесвіцы — пакручастымі, пачалося іх падарожжа ў краіну ведаў. Ледзь не адным імгненнем праляцела 11 гадоў, і вось ужо ўчарашнія вучні пераступаюць парог маленства. Жыткавічы мінулым суботнім вечарам праводзілі ў дарослае жыццё выпускнікоў.
Паглядзець на віноўнікаў урачыстасці, як звычайна, сабралася нямала гараджан. Гэта адно з тых нямногіх святаў, на якое людзі прыходзяць выключна па жаданні. Ды і надвор’е не падвяло: спякота спала, і абяцаная навальніца абышла горад бокам. Гордыя за выхаванцаў настаўнікі, усхваляваныя бацькі і па-даросламу прыгожыя і крышку стомленыя ад падрыхтоўчага марафону галантныя юнакі і дзяўчаты ў модных сукенках. Урачыстае шэсце гімназіі і шасці школ за ансамблем барабаншчыц па традыцыі ўзначалілі выдатнікі. Толькі на гэты раз у калоне іх суправаджалі таты і мамы. Поруч яны падымаліся за ўзнагародамі і на сцэну. Першым уручалі медалі, другім – падзячныя лісты за дастойнае выхаванне дзяцей. Ганаровую міссію выканалі старшыня райвыканкама Віктар Атліванаў і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Емяльянаў.
Віншуючы выпускнікоў з заканчэннем школы, кіраўнік раёна выказаў надзею, што атрыманыя веды дапамогуць дабіцца пастаўленых мэт, і пажадаў не губляць сваіх каранёў, памятаючы пра малую радзіму, працай і творчасцю прымнажаць дасягненні нашай палескай зямлі.
Наказы ў добры шлях таксама адрасавалі моладзі іерэй Мікалай Кадоліч, ўпаўнаважаны прадстаўнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Ірына Кузьміцкая і тата выпускніка Сяргей Шруб. Шчырымі апладысментамі госці сустракалі творчыя нумары — кожная школа падрыхтавала свой харэаграфічны падарунак. Не забыліся і на галоўную фішку — бацькоўскі вальс. Дарослыя ад перапаўняўшых эмоцый не хавалі слёз, іх дзяўчынкі і хлопчыкі хутка выраслі. Канечне, наперадзе будзе яшчэ шмат святаў, але выпускны баль больш не паўторыцца. Фінальнай кропкай дзеі стаў запуск паветраных шароў, як сімвала надзей і мараў. Няхай яны абавязкова збудуцца.
Сёлетнія ўладальнікі залатых медалёў
Гімназія г. Жыткавічы імя А. Ліхоты: Арсен Бабаян, Маргарыта Купрыяновіч, Грыгорый Савіч, Сяргей Шупенька, Вікторыя Шчур.
СШ №1 г. Жыткавічы імя Р. Тураўца: Аляксандра Віцебская, Аліна Кахраманава, Уладзіслава Радзюк, Валерыя Шруб.
СШ №2 імя А. Галавача: Анастасія Пяшэвіч, Елізавета Акунец, Мікіта Шруб.
СШ №3 г. Жыткавічы: Ганна Купрацэвіч, Аліна Раманюк, Валерыя Швед.
СШ №1 Турава: Марына Санец.
Азяранскі дзіцячы сад-СШ: Паліна Санюк.
Верасніцкая СШ: Надзея Жылан.
Коленскі дзіцячы сад-СШ: Таццяна Шакалян.
Святлана ШАКАЛЯН, фота аўтара