У ААТ “Жыткавічыхімсервіс” праяўляюць клопат пра абнаўленне базы
Дзякуючы гэтаму ў структурным падраздзяленні ўзведзены новы склад для захоўвання мінеральных угнаенняў, вядзецца рэканструкцыя іншых аб’ектаў.
На будоўлю патрацілі цэлы год. Рабілі ўсё гаспадарчым спосабам, што ў выніку станоўча адбілася на канчатковым сабекошце.
— Стары склад праслужыў нам больш як пяцьдзясят гадоў, — расказвае начальнік базы Марына Атаманчык. — Зразумела, за такі перыяд эксплуатацыі памяшканне практычна выпрацавала рэсурс, таму захоўваць там мінеральныя ўгнаенні стала практычна немагчымым. Прынятае кіраўніцтвам рашэнне аб аднаўленні сховішча правільнае, як і падыходы да справы. Гэта і дазволіла нам выканаць работы хутка і якасна.
Зараз на аб’екце падводзяць апошнія штрыхі. Выконваецца праца мясцовымі будаўнікамі. У складзе брыгады таварыства Дзмітрый Галавач, Сяргей Корж, Ігар Гулюта і Сяргей Шум. Менавіта на іх плечы і выпаў увесь цяжар дзейнасці на будоўлі.
— Выжыльвацца прыходзілася не на жарт, — гавораць спецыялісты. — Спачатку давялося разабраць да асновы стары склад, правесці дэфектоўку атрыманых матэрыялаў. Дарэчы, большая іх частка была выкарыстана для ўзвядзення новага памяшкання.
Каб справіцца з аб’ёмамі на даручаным участку, будаўнікі не лічыліся з уласным часам. Таму і тэмпы работ забяспечвалі належныя, і здача аб’екта адбылася ў вызначаны тэрмін.
— Дзякуючы таму, што ўсе работы вяліся гаспадарчым спосабам, і шырока выкарыстоўвалі другасныя матэрыялы, будоўля абышлася нам у сорак тысяч рублёў. У асноўным гэтыя грошы патрачаны на піламатэрыялы, металапрофіль, цамент, — не хавае свайго задавальнення дырэктар таварыства Ігар Галавач. — Цяпер мы можам спакойна і з выкананнем усіх патрабаванняў захоўваць на базе прыкладна тры тысячы тон цвёрдых мінеральных угнаенняў.
Не меней адказна паставіліся ў ААТ «Жыткавічыхімсервіс» і да рэканструкцыі ёмістасцей для ўтрымання КАСаў. Сёлета адну з чатырох абнавілі капітальна.
— Напэўна з самага пачатку ўзвядзення гэты аб’ект не бачыў такога рамонту, — адзначае кіраўнік прадпрыемства Ігар Уладзіміравіч. — Ён таксама праслужыў нам амаль паўвека. Таму і ўзяліся за рэканструкцыю. Нанялі спецыялізаваную арганізацыю, выдзелілі неабходную суму грошай — у выніку адна цыстэрна стала нібы новенькая.
Чаму ў арганізацыі пайшлі менавіта па шляху абнаўлення ёмістасцей для захоўвання КАСаў? Адказ на відавоку — фінансаў патрабуецца намнога менш, каб старое абсталяванне яшчэ праслужыла не адзін дзясятак гадоў. Такім чынам пераробяць яшчэ тры бочкі. Яны вельмі запатрабаваны сельгасвытворцамі.
— Штогод на палеткі і сенажаці вяскоўцамі ўносіцца больш як тры з паловай тысячы тон вадкіх азотных угнаенняў. Забяспечанасць па іх складае дзевяноста працэнтаў. — прыводзіць статыстыку першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко. — Захоўваць іх у такой колькасці праблематычна. У гаспадарках неабходнае абсталяванне не ў лепшым выглядзе. Таму і будзем складзіраваць КАСы на базе «Жыткавічыхімсервіса», магутнасці арганізацыі дазваляюць адначасова прымаць паўтары тысячы тон «элексіру ўрадлівасці». Абнаўленне аб’екта — вельмі важны праект, асабліва ў эканамічным плане. Напрыклад, дзень прастоя чыгуначнай цыстэрны каштуе аграрыям дадатковых пяцісот рублёў.
Вышэйзгаданыя будоўлі — не адзінае, да чаго мяркуюць прыкласці рукі ў акцыянерным таварыстве. На чарзе запланавалі абнавіць павець для складзіравання торфу і сапрапелю. Такія крокі працаўнікоў прадпрыемства сведчаць, што яны закладваюць трывалы падмурак для будучай дзейнасці.
Сяргей Белка