Жывы дыялог па вострых пытаннях
Шматпланавай па тэматычнасці атрымалася сустрэча кіраўніцтва рэгіёна з жыхарамі мікрараёна Паўночны. Такія стасункі ўлады і насельніцтва праходзяць рэгулярна, праўда, у большай ступені мерапрыемствы ладзіліся ў працоўных калектывах. Але менавіта падчас іх атрымліваецца канструктыўны дыялог, які дазваляе адказным службовым асобам данесці насельніцтву патрэбную інфармацыю па многіх накірунках дзейнасці, а таксама дэталёва разабрацца ў маючых праблемах, вырашэнне якіх толькі спрыяе стабільнасці і паспяховаму развіццю. Вось і падчас апошняй сустрэчы прысутныя ў гэтым пераканаліся.
Курс на стварэнне
Аб тым, у якім рэчышчы працуе дэпутацкі корпус на карысць малой радзімы, гараджанам расказаў старшыня райсавета Уладзімір Кулеш. У прыватнасці, Уладзімір Мікітавіч адзначыў, што народныя абраннікі актыўна ўдзельнічаюць у рабоце па паляпшэнні жыццядзейнасці насельніцтва. Навядзенне парадку на зямлі, законатворчая дзейнасць, правядзенне грамадска-карысных і добрачынных акцый, наладжванне стасункаў з людзьмі – гэта ўсяго невялікая частка работы і абавязкаў дэпутатаў усіх узроўняў. Важна ў такіх справах тое, што кожны выбаршчык бачыць плён згаданай працы. Як запэўніў кіраўнік раённага Савета, яна будзе працягвацца і пашырацца на ўсе сферы нашага быцця.
Намеснік старшыні райвыканкама Леанід Валатоўскі праінфармаваў прысутных аб тым, як развіваецца сацыяльная сфера рэгіёна. Тут таксама нямала станоўчага. Напрыклад, завяршаецца вялікі рамонт лячэбнага корпуса бальніцы, умацоўваецца яе матэрыяльная база, прыкладваюцца намаганні, каб замацаваць у раёне маладых спецыялістаў медыкаў і гэтак далей. Сваё выступленне Леанід Міхайлавіч пачаў з сістэмы аховы здароўя невыпадкова. Уладу турбуе дэмаграфічная сітуацыя ў рэгіёне, якая пакуль застаецца няпростай. Таму клопат аб здароўі людзей павінен быць найгалоўнейшым, а важнейшыя фактары для паспяховай работы – прафілактыка захворванняў і здаровы лад жыцця, што ў многім залежыць ад саміх людзей. Умовы ствараюцца. Так, ля трэцяй гарадской школы будуюць футбольную пляцоўку. Тут жа плануецца зрабіць і каток, а паблізу пракласці сцяжыну здароўя.
Прыярытэтнай задачай у сферы культуры застаецца захаванне і пашырэнне ўнікальных традыцый і спадчыны, што дасталіся нам ад продкаў. І спецыялісты галіны паспяхова з ёю спраўляюцца, аб чым сведчыць вялікая колькасць калектываў, якім прысвоены ганаровыя званні. Ёсць перспектыва і ў турыстычнага патэнцыялу рэгіёна, цэнтрам якога стаў старажытны Тураў. У ногу з часам ідзе адукацыя, што дае магчымасць ураджэнцам раёна паступаць у самыя прэстыжныя вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Нямала прыкладаў на карысць таго, што Жыткавіцкаму краю ўласцівае дынамічнае развіццё, прывёў і намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Савіч. З яго прамовы вынікала, што ў паселішчах кожны год узводзіцца вялікая колькасць жылля з дзяржаўнай падтрымкай. Немалыя планы ў будаўніцтве і на будучае. Не спыняецца рэканструкцыя і капітальны рамонт старых шматпавярховак. Яскравым сведчаннем дзейнасці стаў інтэрнат вучылішча, які пераабсталяваны ў жылы дом. У хуткім часе такі ж лёс напаткае і інтэрнат у мікрараёне Паўночны, пытанне па яго рэканструкцыі разглядаецца. Стабільна працуе камунальная служба, ідзе падсыпка вуліц.
Як падкрэсліў старшыня райвыканкама Аляксандр Сідарэнка, усё навідавоку, горад маладзее і прыгажэе, адзінае пытанне, якое турбуе ўладу, што згодна з генпланам будаўгніцтва ідзе ў новых мікрараёнах, дзе інфраструктура пакуль даволі слабая, а гэта стварае нязручнасці для людзей. Таму будуць прымацца захады, каб, так бы мовіць, вярнуць насельніцтва ў цэнтр, тым больш што для гэтага маюцца магчымасці, у прыватнасці, месцы для ўзвядзення новага жылля. А гэта і камфорт для жыхароў, і паляпшэнне добраўпарадкаванасці горада.
Сумеснымі намаганнямі
Дарэчы, гэтая тэма на сустрэчы абмяркоўвалася даволі актыўна і з розных бакоў. Пачаткам для размовы стала пытанне настаўніка гімназіі Васіля Пінчука, які папрасіў навесці парадак з рухам аўтатранспарту ля навучальнай установы, а дакладней, абсталяваць для яго стаянку. Праблема ў тым, што раніцай бацькі, якія падвозяць дзяцей, займаюць машынамі не толькі праезжую частку, але і тратуары з газонамі.
– Безумоўна, такое становішча недапушчальнае, пагадзіўся старшыня райвыканкама Аляксандр Сідарэнка, – таму супрацоўнікі ДАІ правядуць маніторынг, каб паправіць названы недахоп. Але разам з тым гэта адзнака нашай культуры паводзін. Патрэбна не толькі беражліва адносіцца да таго, што стварылі, але і прымножыць яго.
І з гэтым цяжка не пагадзіцца. Настаў час, калі ў важнай справе патрабуюцца сумесныя намаганні ўлады і людзей Напрыклад, дзяржава выконвае асноўны аб’ём работы па добраўпарадкаванні пэўнага двара ці вуліцы, або іншай гарадской мясціны, жыхары таксама не павінны заставацца ўбаку. Збудаваць альтанку, разбіць кветнічак, арганізаваць для дзетак гульнявую пляцоўку гаспадарам па сілах. Намаганняў для гэтага няшмат, а карысць для ўсіх. Галоўнае праявіць актыўнасць. На жаль, часта атрымліваецца наадварот, пераважаюць спажывецкія адносіны, а яшчэ ганебней акты вандалізму ў выглядзе зламаных дрэваў, лавак, архітэктурных формаў, раскіданага смецця і іншага. І з гэтым таксама патрэбна змагацца ўсім, не пакідаць раўнадушна такія ўчынкі без увагі. Гэта яшчэ адна ўмова нашага камфортнага пражывання. Аказвае на яго ўплыў таксама бяспека і правапарадак. На іх засяродзілі ўвагу намеснікі начальнікаў раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях Юрый Зубкоў, унутраных спраў Віталь Маркевіч, пракурор Уладзімір Валохін.
Жывы дыялог
Падчас мерапрыемства жыхары змаглі задаць кіраўніцтву раёна і службаў хвалюючыя пытанні. Іх, варта сказаць, было не шмат і тычыліся яны камунальных праблем, адкрыцця дзіцячай паліклінікі, будаўніцтва спартыўнай пляцоўкі ў мікрараёне Паўночны. Апошняя ініцыятыва была шчыра падтрымана гасцямі, тлумаччэнні атрымалі і іншыя заяўнікі. Галоўнае, што дыялог атрымаўся, і будзем спадзявацца паспрыяе паляпшэнню жыццядзейнасці людзей у райцэнтры.
Сяргей БЕЛКА