Сузор’е талентаў
Больш за тры дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак сабрала штогадовая цырымонія ўручэння грантаў раённага выканаўчага камітэта па падтрымцы таленавітай моладзі.
Грашовыя прэміі разам з салодкімі падарункамі на сцэне Жыткавіцкай сярэдняй школы №2 атрымалі лепшыя інтэлектуалы, творцы і спартсмены рэгіёна, лідары і прызёры алімпіяд, розных конкурсаў і спаборніцтваў. Напрыклад, Вольга Рай, выхаванка тэатра мод “Натхненне” Тураўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, удастойваецца такога прызнання трэці раз запар.
— Пад кіраўніцтвам нашага педагога Святланы Канстанцінаўны нельга не перамагаць, — прызнаецца вучаніца. — А калі твае дасягненні заўважаюць, хочацца старацца яшчэ больш. За сем гадоў, што займаюся ў яе, не толькі навучылася трымаць іголку ў руках, хобі паўплывала на мой густ і надало ўпэўненасці ў сабе.
— Цуды здараюцца, калі любую справу робіш ад душы, — выдае свой сакрэт паспяховасці гімназістка Ксенія Рай. – Я з задавальненнем удзельнічаю ў розных змаганнях і адкрываю шмат новага. Лічу, што чалавек павінен імкнуцца да ведаў насуперак перашкодам і цяжкасцям. У кожным закладзены вялікія магчымасці, а ці будуць яны рэалізаваны, цалкам залежыць ад нас.
Апладысментамі зала сустракала і педагогаў, якія за падрыхтоўку дыпламантаў рэспубліканскага ўзроўню таксама атрымалі матэрыяльнае заахвочванне. Звяртаючыся да ўдзельнікаў свята, намеснік старшыні райвыканкама Леанід Валатоўскі падкрэсліў, што ўлада заўсёды праяўляе клопат пра падрастаючае пакаленне, ад якога залежыць заўтрашні дабрабыт краіны:
— Вы наш гонар і будучыня. Сваімі поспехамі ўпісваеце яркую старонку ў гісторыю працвітання малой радзімы. Безумоўна, удзячнасці заслугоўваюць і настаўнікі, што заўважылі вучнёўскія здольнасці і прыклалі нямала сіл дзеля іх развіцця, а таксама бацькі, якія падтрымліваюць і вераць у сваіх дзяцей. Радасных і прыемных здзяйсненняў хачу пажадаць усім і ў надыходзячым годзе.