Каб у полі не стаяць на прыколе

Зімовыя месяцы  традыцыйна для аграрыяў праходзяць у клопатах па падрыхтоўцы тэхнікі да будучых сельскагаспадарчых кампаній, і ў першую чаргу, да сяўбы яравых культур. Як наладжана гэтая работа ў прадпрыемствах раёна карэспандэнт “НП” папрасіў расказаць галоўнага спецыяліста ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Міхаіла Кузьміча.

— Міхаіл Васільевіч, наколькі паспяхова складваюцца справы ў рамонтных майстэрнях арганізацый?

— Скажу, што працэнт гатоўнасці тэхнікі ў кожнай гаспадарцы свой. Напрыклад, у акцыянерным таварыстве “Жыткавічыхімсервіс” трактары, машыны і агрэгаты хоць сёння выводзь на палеткі, бо яны там усе падрыхтаваныя да работы.  На жаль, такое становішча не паўсюдна. Прынамсі, возьмем тыя ж трактары. У КСУПах “Коленскае”, “Чырвоны Бор”, ААТ “Прыазёрскае-Агра”, “Жыткавіцкі агратэхсервіс” гатоўнасць гэтай тэхнікі толькі 75,71, 75 і 60 працэнтаў адпаведна. У той час як па раёну ў цэлым згаданы паказчык перавышае восемдзясят працэнтаў. Прычым, непакоіць нізкая падрыхтаванасць энерганасычаных трактароў. У шэрагу гаспадарак іх не адрамантавана палова.

— Што скажаце пра аднаўленне прычапнога інвентара?

— Тут таксама справы розняцца. Тыя ж плугі  гатовыя на 78 працэнтаў Прыкладна на такім жа ўзроўні падрыхтаваныя кукурузныя сеялкі, машыны для ўнясення цвёрдых мінеральных угнаенняў і арганікі і шэраг іншых агрэгатаў. У той жа час дыскавыя бораны, дыскатары, “РОСЫ” камбінаваныя глебаапрацоўчыя агрэгаты, машыны для пратручвання насення ў працэнтных суадносінах да наяўных гатовыя значна горш. Падцягвацца ў залежнасці ад віду тэхнікі неабходна  рамонтнікам ва ўсіх гаспадарках.

— Ці ёсць для гэтага магчымасці? Вопыт мінулых гадоў сведчыць, што ў большасці выпадкаў для паскарэння аднаўлення тэхнікі бракуе фінансаў. Як з імі сёлета.

— Шчыра, то і ў бягучым сезоне з грашыма нягуста. Але разам з тым у хуткім часе сельгаспрадпрыемствы атрымаюць ад дзяржавы дапамогу менавіта на правядзенне рамонтаў. Канечне, выкарыстаюць аграрыі і ўласныя магчымасці. Час, каб выйсці ў поле падрыхтаванымі, яшчэ ёсць. Таму спадзяюся, што да праверкі лінейкі гатоўнасці тэхнікі непасрэдна  на месцах многія пытанні будуць зняты з парадку дня.

— Звычайна аграрыям вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы машын і агрэгатаў аказваюць спецыялізаваныя арганізацыі. Наколькі шырока сёлета будуць задзейнічаны іх базы?

— Бясспрэчна, і падчас бягучага рамонтнага сезону мы пастараемся максімальна скарыстацца такой магчымасцю. Напрыклад, толькі ў рамонтных майстэрнях акцыянернага таварыства “Жыткавіцкі агратэхсервіс” абновяцца амаль тры дзясяткі адзінак тэхнікі сельгасарганізацый. Гэта і трактары, камбінаваныя глебаапрацоўчыя агрэгаты, кормараздатчыкі, плугі, бароны і іншыя агрэгаты. Здадзены вузлы і механізмы для рамонту і на другія сервісныя прадпрыемствы вобласці. Несумненна, гэта акажа істотны ўплыў на нашу падрыхтаванасць да палявых работ. Разам з тым адзначу, што большасць тэхнікі гаспадаркі будуць рамантаваць на сваіх базах. Іх магчымасці дазваляюць рабіць гэта якасна і паспяхова. Ды і надвор’е спрыяе выніковай працы мясцовых спецыялістаў. Таму ўпэўнены, пастаўленыя перад імі задачы  вырашацца ў вызначаныя тэрміны.

— Дзякую за гутарку

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.