Аддаючы, набываеш болей
— А можна прыходзіць да вас і ў выхадныя, — гэту просьбу асаблівай моладзі, што наведвае тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, спецыялісты ўстановы лічаць вышэйшая адзнакай сваёй дзейнасці. Значыць, ім удалося стварыць для юнакоў і дзяўчат па-сапраўднаму камфортныя ўмовы.
Нядаўна, пасля навагодніх святаў, у аддзяленні дзённага знаходжання маладых інвалідаў і пажылых людзей ТЦСАН на поўную моц пачала працаваць спартыўная зала, якая напрыканцы снежня папоўнілася новым абсталяваннем. Гэта стала магчымым дзякуючы агульнаму укладу жыткаўчан. За грошы, выручаныя ад рэалізацыі білетаў на дабрачынны канцэрт «Благо Дарю», дадзены ў снежні артыстамі ГЦК, набыты два трэнажоры — сілавы і эліпсоідны.
Каб дапамагаць іншым, не трэба быць багатым. Вялікія справы міласэрнасці звычайна складваюцца з маленькіх унёскаў. Працоўныя калектывы і асобныя грамадзяне тады сабралі каля дзвюх тысяч рублёў. Суммы гэтай хапіла яшчэ на гімнастычныя дыванкі і нават матэрылы для творчай майстэрні.
Віка, якая большасць перасоўваецца на калясцы, прызнаецца, што спачатку страшылася нават падыйсці да велатрэнажора. Затое цяпер з лёгкасцю круціць педалі. Практыкаванне з кожным разам пачало атрымлівацца усё лепей, мацнелі сілы і загартаванасць. Усмешлівай Кацярыне больш падабаецца бегавая дарожка, хаця і ад іншых снарадаў дзяўчына ў захапленні.
Акрамя пяці спартыўных “апаратаў” моладзь ахвотна займаецца на фітболах, такіх вялізных пругкіх мячыках, ёсць гантэлі і іншыя прылады. Зала не пустуе. Тройчы на тыдзень тут актыўнічаюць наведвальнікі старэйшага ўзросту, два разы — маладыя людзі з інваліднасцю. Урокі фізкультурна-аздараўленчага гуртка “Геркулес” з апошнімі арганізуе Аксана Рубан.
— Важна, каб рэабілітацыя праходзіла ў адпаведнасці са станам іх здароўя, — тлумачыць спецыфіку работы спецыяліст. — Тады яна прынясе сапраўдную карысць. Нагрузку трэба разлічваць індывідуальна. Адчуваю, што хлопцам і дзяўчатам падабаецца рухацца.
Загадчык аддзялення Алена Савіч расказвае, што сёння ўстанова на пастаяннай аснове апякае 74 чалавекі, з якіх паўсотні пенсіянераў. І жадаючых далучыцца, асабліва сярод тых, каго прынята лічыць людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, хапае. Найперш, канешне, гутарка пра нежыткаўчан. На жаль, праз транспартную праблему пакуль нельга арганізаваць іх падвоз у райцэнтр з усіх вёсак. Але наогул без увагі спецыялісты цэнтра не пакідаюць гэту катэгорыю на перыфірыі. Так, штомесяц у Чырвоненскім, Марохараўскім і Азяранскім дамах культуры яны ладзяць выязныя заняткі, папярэдне збіраючы людзей сваім аўтобусам з бліжэйшых населенных пунктаў.
— У нашых падапечных, нягледзячы на праблемы фізічнага і псіхалагічнага характару, ёсць вялікі патэнцыял, — упэўнена дырэктар цэнтра Ніна Рамановіч. — І мы імкнемся яго развіваць не толькі праз фізкультуру, але і творчасць, іншую сацыялізацыю. Маладыя людзі ахвотна вучацца самаабслугоўванню, гатуюць нешта простае на нашай кухні. Мы ладзім шмат экскурсій, даючы падчас такіх вандровак магчымасць уласна зрабіць пакупку ў магазіне ці заказ у кафэ. Для звычайнага чалавека, здавалася б, што ў тым такога, а у гэтых рабят кожны крок па-за межамі дома — адкрыццё. Важна, што пры гэтым нашым спецыялістам давяраюць бацькі, у якіх ёсць магчымасць каму паўнавартасна працаваць, пакуль іх дзіця ў цэнтры, а іншым — адлучыцца па сямейных справах.
Пасільная праца на гуртках дэкаратыўна-прыкладного характару — таксама частка тэрапіі. Вырабленыя рукамі інвалідаў сувеніры (карціны, вышыўкі, цацкі, вясельныя атрыбуты і інш.) Ахвотна набываюць, што таксама можна лічыць у пэўным сэнсе дабрачыннасцю. Гандаль па просьбе цэнтра ўзялі на сябе храм феадосія чарнігаўскага, што ў жыткавічах, і кіяскёры тураўскай крыпты. Па словах дырэктара тцсон, такі “бізнес”, летась прынёс 1,4 тысячы рублёў. Заробак трансфармуецца ў матэрыялы для новых мастацкіх твораў і ідзе на будучыя вандроўкі асаблівых людзей, якія жадаюць і імкнуцца не быць у грамадстве лішнімі.