Даверліва, шчыра і канструктыўна
У мінулую суботу “прамую тэлефонную лінію” правёў старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Кулеш, да якога звярнулася пяць грамадзян з розных паселішчаў рэгіёна. Заяўнікі агучвалі перад кіраўніком мясцовай улады шырокі спектар праблем, якія тычыліся работы камунальнай службы, стану дарог, гандлёвага абслугоўвання, іншых сфераў жыццядзейнасці людзей. Па кожным пытанні дадзены тлумачэнні, вызначаны тэрміны для выпраўлення недапрацовак.
Даверлівая і слушная размова ў старшыні райсавета атрымалася з жыхаркай райцэнтра. Як вынікала з тэлефанавання, ведаючы актыўную грамадскую пазіцыю жанчыны, Уладзімір Мікітавіч падчас папярэдняй сустрэчы прапанаваў ёй праводзіць растлумачальную работу з жыткаўчанамі, каб тыя актыўней збіралі грошы на добраўпарадкаванне могілак. Напэўна ў гараджанкі штосьці не заладзілася і яна вырашыла адмовіцца ад даручэння.
– Вы падумайце, – пераконваў Уладзімір Кулеш яе. – Усё ж парадак у такім святым месцы мы павінны навесці. Прыкладаў, калі грамадства і ўлада сумесна ажыццяўлялі нямала знакавых спраў на карысць малой радзімы, нямала. Так з’явілася ў райцэнтры станцыя веславання. Больш як чатыры тысячы рублёў сабралі жыхары вёскі Рудня на добраўпарадкаванне мясцовых могілак. Не без дапамогі людзей у Рычове збудавалі мост праз раку. Чым жа горшыя жыткаўчане? Канечне, працаваць з насельніцтвам не так і проста, але кожны чалавек павінен разумець, што любая паспяховая дзейнасць залежыць не толькі ад улады, але і ад асабістых намаганняў кожнага жыхара. Тады і праблемных пытанняў паменшае, і людскія патрэбы будуць забяспечвацца на больш якасным узроўні. Менавіта для гэтага жывем і працуем. І не важна, у якім паселішчы, галоўнае, каб ці ў горадзе, ці ў вёсцы чалавек меў аднолькавы ўзровень жыццядзейнасці. Таму не апускайце рукі – усё атрымаецца.
Жыхар з аграгарадка Сяменча зноў турбаваўся за дрэнны стан вуліцы, а таксама цікавіўся, калі ж нарэшце зробяць поручні на лесвіцы, па якой пажылыя людзі спускаюцца ў падвал іх дома.
Не адну, а адразу некалькі праблем агучыла жанчына з Перароўскага Млынка. Найперш яна папрасіла, каб кіраўнік райсавета паўздзейнічаў на кіраўніцтва Лельчыцкага спажывецкага таварыства. У іх вясковым магазіне немагчыма купіць пабелку.
– Гэты тавар зараз вельмі патрэбны, практычна ў кожнай хаце пячное ацяпленне, –расказвала кабета. – А грубку перыядычна патрэбна падбельваць, прычым не толькі ў эстэтычным плане, але з пункту погляду пажарнай бяспекі.
– Гэтае звяртанне давядзем да кіраўніцтва гандлёвай арганізацыі і патрэбны тавар завязуць, – запэўніў Уладзімір Мікітавіч.
Развіваючы тэму гандлёвага абслугоўвання, вяскоўка выказала прапанову аб насычэнні асартыменту мясцовай крамы сырамі Тураўскага малочнага камбіната:
– Ведаем пра яго прадукцыю толькі са сродкаў масавай інфармацыі. Каб паспрабаваць, трэба ў Тураў ехаць ці райцэнтр. Можа магчыма, каб прадукцыя пастаўлялася і ў нашыя крамы?
Зрабіла заўвагу жанчына і па транспартнаму абслугоўванні.
Званіўшая грамадзянка са Знаменкі папрасіла, каб у іх вёсцы адчынілі магазін. А яшчэ яе цікавілі тарыфы на вываз камунальных адходаў, на што адразу атрымала тлумачэнне. Што тычыцца магазіна, то праблема будзе вывучацца спецыялістамі.
Жанчыну з Грады вымусіла звярнуцца да старшыні райсавета асабістая сітуацыя. Па яе меркаванні, яна паклала грошы на дэпазіт у адным з банкаў, але заяўленай сумы на рахунку не аказалася.
– Найперш вам патрэбна пісьмова звярнуцца да кіраўніцтва ўстановы, – параіў званіўшай Уладзімір Мікітавіч. – Няхай яно прымае захады па розшуку вашых фінансаў. Тым больш што такая магчымасць ёсць. Калі не ўдасца выправіць становішча, ёсць кампетэнтныя органы, якія па доўгу службы займаюцца такімі справамі.
З цеплынёй адрэагаваў Уладзімір Кулеш на зварот ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Ганны Бяляй. Весніцы і агароджу ёй адрамантуюць у бліжэйшы час.
Перад органамі мясцовага кіравання стаіць нямала задач. І вырашэнне кожнай з іх – гэта чарговы крок у паляпшэнні нашага дабрабыту.
Сяргей Белка