Калі ў прафесіі па прызванні
Калектыў новага малочнатаварнага комплексу “Кольна” ў аднайменным сельгаспрадпрыемстве ўпэўнена нарошчвае вытворчыя паказчыкі. У гэтыя дні кожная другая тона ў аб’ём агульнагаспадарчага малочнага валу паступае менавіта са згаданага струтурнага падраздзялення. І гэтая акалічнасць тлумачыцца вельмі проста — на МТК шчыруюць старанныя і высокапрафесійныя кадры, якія здольныя і ўмеюць працаваць згодна з сучаснымі патрабаваннямі і тэхналогіямі.
Пераканаўча аб гэтым засведчыла нядаўняе наведванне МТК старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімірам Радаўцом, які зрабіў гэта, каб павіншаваць мясцовых жывёлаводаў з іх вытворчымі перамогамі. Мерапрыемства з такой нагоды зладзілі непасрэдна на ферме пасля ранішняй дойкі. Яе майстры жывёлагадоўчай справы правялі не толькі па распарадку, але даволі вынікова. Да папярэдняга дня прырост сырадою склаў амаль дзвесце кілаграмаў. Таму, нягледзячы на стомленасць (а за раніцу жанчыны падаілі 428 кароў, памылі абсталяванне, навялі парадак на рабочых месцах), усе былі ў добрым настроі. Прычынай для гэтага стаў не толькі ўласны працоўны здабытак, але і візіт прафсаюзнага лідара аграпрамысловай галіны. Уладзімір Іванавіч не скупіўся на словы пахвалы ў адрас жывёлаводаў. Разам з падзячнымі лістамі кожны перадавік атрымаў падарунак — спецабутак. Як адзначыў старшыня райкама, выбралі такі прэзент невыпадкова: каб і старанне работнікаў адзначыць, і адначасова стварыць умовы для бяспечнай працы жывёлаводаў. Таму падбіралі боты для кожнага індывідуальна з улікам спецыфікі работы.
Сярод тых, хто атрымаў падарункі ад прафсаюза падчас акцыі “Наш жывёлавод”, аператары машыннага даення Таміла Беражная, Таццяна Пятрашка, Вера Юнчыц, Антаніна Захарчук, загоншчыкі жывёлы Алена Татарчук, Ева Ляўковіч. Сваёй працавітасцю яны ў чарговы раз даказалі, наколькі моцны кадравы патэнцыял у малочнай галіны гаспадаркі. Напрыклад, Вера Юнчыц і Таміла Беражная ўласнымі вытворчымі здабыткамі ўжо на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў услаўляюць родную гаспадарку. Не злічыць, колькі атрымана імі ўзнагарод рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўню. Але для гэтых аператараў машыннага даення яны не самамэта. Важна іншае — за такі вялікі перыяд дзейнасці на ферме ніколі не пашкадавалі аб тым, што звязалі жыццё з такой складанай і нялёгкай справай. Пры любых умовах Таміла Дзмітрыеўна і Вера Мікалаеўна імкнуліся выконваць ускладзеныя на іх абавязкі сумленна, што і прыносіць належны плён.
Не займаць вопыту ў абранай прафесіі і Таццяне Пятрашка, Алене Татарчук. А вось загоншчыца Ева Ляўковіч увогуле знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але па просьбе кіраўніцтва вярнулася на вытворчасць. Не мог па-іншаму паступіць чалавек, які прысвяціў жыццё сельскай гаспадарцы, а дакладней КСУПу “Коленскае”. Вось такія яны, мясцовыя перадавікі, што паказваюць узор працалюбства і прафесіяналізму. Менавіта гэтыя якасці пераняла і Антаніна Захарчук, якая з першых дзён увядзення комплексу ў эксплуатацыю прыйшла сюды на самы адказны ўчастак — раздой цялушак. Зараз іх у яе групе ўтрымліваецца больш як сорак. Захарчук выконвае работу, мяркуючы па водгуках калег і кіраўніцтва, добра.
— Дружны ў нас калектыў і працавіты, — расказвае загадчык МТК “Кольна” Валянціна Мельянкова. — Яго аснову складаюць спрактыкаваныя спецыялісты, таму і маем адпаведны вынік.
І гэта сапраўды так. Калі на іншых фермах гаспадаркі ў гэтыя дні надойваюць ад каровы па 9-10 кілаграмаў сырадою, то на комплексе — 14. Усяго ў памяшканнях на цяперашні час утрымліваецца 1069 галоў жывёлы, але штодня за кошт расцёлаў грамадскі статак павялічваецца. Такая акалічнасць толькі радуе мясцовых жывёлаводаў, бо, нягледзячы на ўзрастаючую нагрузку, пралічваецца і прырост прадукцыі. Жывёла на новай коленскай ферме ўтрымліваецца ў належных умовах. Што таксама заслуга калектыву. Як і навядзенне ідэальнага парадку ў памяшканнях, даільных залах, на іншых тэрыторыях. Гэта таксама ўплывае на паляпшэнне паказчыкаў. А ўсё чаму? У любой справе работнікі не адмаўляюць адзін аднаму ў дапамозе, шчодра дзеляцца вопытам, бо прыйшлі ў прафесію па прызванні.
Сяргей Белка