Разам і справы ладзяцца
Вялікую падтрымку ў рабоце аказваюць старасты, іх добра ведаюць у населеных пунктах. Таму і ладзяцца справы ў Юркевіцкім сельскім выканаўчым камітэце.
— На агульных сходах грамадзян абрана 7 старастаў, паважаных у вёсках людзей, — адзначыла старшыня Савета Алена Шпакевіч. — Яшчэ адной моцнай падтрымкай і творчым натхняльнікам сістэмы самакіравання з’яўляецца і пярвічная арганізацыя Юркевіцкага грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын».
Галоўная ўмова плённай працы актывістаў у тым, што яны не ставяцца абыякава да грамадскага абавязку. А ўсё таму, што самі выразна і ясна разумеюць — вельмі многія пытанні ў жыцці вырашаць самім людзям.
— Праца старастаў і савета жанчын плануецца на год па ўзгадненні з сельскім Саветам дэпутатаў. Задачы ставяць самі на сваіх сумесных пасяджэннях, — гаворыць Алена Іванаўна.
Старасты вёсак вялікую дапамогу аказваюць сельвыканкаму ў вырашэнні пытанняў добраўпарадкавання могілак, помнікаў і абеліскаў загінуўшым воінам. На гэты час яны агароджаны металічным плотам ці бетоннымі плітамі, што дазваляе не накіроўваць больш грашовыя сродкі на іх рамонты. Гэтаму папярэднічала шматгадовая праца.
— Для арганізацыі работы, своечасовага рашэння мясцовых актуальных пытанняў недастаткова толькі стварыць органы самакіравання і прыцягнуць у іх актыўных жыхароў. Першаступеннае значэнне для кіраўніцтва Савета мае, каб члены такіх фарміраванняў былі граматнымі, ясна разумелі, якую перад імі задачу ставіць сельвыканкам і які вынік павінен быць ад выкананай дзейнасці, — падкрэсліла старшыня Савета.
Напрыклад, для гэтага на працягу года праводзіцца вучоба дэпутатаў, стараст. Кожны з іх мае інфармацыйныя папкі, дзе знаходзіцца неабходная дакументацыя, якая тычыцца жыццядзейнасці мясцовага насельніцтва. Таму асобныя рашэнні сельвыканкама, вышэйстаячых органаў у даступнай форме жыхарам могуць растлумачыць і стараста, і дэпутат. Прапановы і скаргі, якія паступаюць ад насельніцтва, своечасова даносяцца ў сельвыканкам і чалавеку неабавязкова ісці на прыём да кіраўніка, бо нярэдка пытанне вырашаецца актывістам на месцы.
Вялікую ўвагу Савет з органамі грамадскага самакіравання надае таму, каб ва ўсіх пачынаннях удзельнічала насельніцтва, каб жыхары зразумелі, што некаторыя праблемы можна вырашыць без умяшання. І такіх прыкладаў нямала.