Спецыялісты па абслугоўванні і эксплуатацыі даільнага абсталявання прайшлі курс навучання
У вытворчым працэсе атрымання малака нямала залежыць ад граматнай дзейнасці слесараў па абслугоўванні і эксплуатацыі даільнага абсталявання. Днямі спецыялісты гэтага профілю з усіх грамадскіх фермаў раёна прайшлі курс навучання.
Мерапрыемства ладзілася на новым малочнатаварным комплексе “Коленскае” аднайменнага сельгаспрадпрыемства. Заняткі мелі не толькі тэарэтычную, але і практычную накіраванасць. Гэтаму садзейнічалі спецыялісты райсельгасхарчу, цэнтра падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, акцыянерных таварыстваў “Жыткавіцкі агратэхсервіс” і “Гомельагракамплект”. Менавіта яны і давялі працаўнікам гаспадарак непасрэдна на іх рабочым месцы ўсе тонкасці справы, якой першыя займаюцца ў паўсядзённай дзейнасці.
Асноўныя яе аспекты: забеспячэнне неабходных параметраў ціску ў вакумных помпах пры даенні, кантроль за станам абсталявання, прамыўка сістэмы пасля заканчэння работы, перыядычнасць прымянення мыючых сродкаў, своечасовасць выяўлення зношанасці і замена соскавай гумы і многае іншае.
Адным словам, удзельнікі заняткаў абнавілі ўласныя веды, каб на фермах і малако атрымліваць высокай якасці, і статак засцерагчы ад захворванняў. Раўнадушных падчас вучобы не было, аб чым сведчылі шматлікія пытанні, на якія ад спецыялістаў вышэйзгаданых устаноў атрымлівалі змястоўныя адказы, і актыўны абмен вопытам.
Сяргей БЕЛКА