Алену Рафаловіч мясцовыя жыхары лічаць сапраўдным сямейным доктарам

Фельчара Азяранскага ФАПа Алену Рафаловіч мясцовыя жыхары лічаць сапраўдным сямейным доктарам. За 28 гадоў, што бяззменна тут працуе, род кожнага чалавека ў акрузе яна вывучыла ледзь не да сёмага калена.

Людзяневіцкая школа, куды хадзіла з Падвосця, медвучылішча, выбранае, каб дапамагчы хварэючай бабулі, і размеркаванне ў свой раён. Так пачынаўся шлях Алены Ільінічны ў прафесію. У яе працоўнай кніжцы адзіны запіс – аб прыёме на працу ў Азяранскую ўстанову аховы здароўя, якая тады мела статус амбулаторыі.

– Што можа быць лепей, чым дапамагаць людзям, – прызнаецца ў любові да сваёй справы субяседніца. – І не толькі як медык, часта добрае слова лечыць не горш за таблеткі ці ўколы. Проста да кожнага трэба знайсці свой падыход і навучыцца слухаць.

Тэлефануючы ёй, адрас звычайна прапускаюць. Пачуўшы прозвішча ці нават проста голас, Ільінічна з вялікай верагоднасцю прадкажа прычыну звароту: то артрыт скруціў альбо ціск зашкаліла. Без малога 600 чалавек абслугоўвае фельчар, не толькі ў Азяранах, а і суседняй Знаменцы. Пад увагай Алены Рафаловіч 112 непаўналетніх, у тым ліку сямёра да года. Падрастаюць ужо дзеці яе першых немаўлят, да якіх учарашняй студэнткай хадзіла на патранаж. Лічы, стала такой сабе грамадскай бабуляй. Між тым, і свайго ўнука ўжо гадуе.

На ФАПе даступны забор крыві на аналіз, ЭКГ, выкананне ін’екцый, ёсць аптэчны пункт, штотыднёва прыём праводзіць урач з Хваенска. Медык на сяле – асоба паважаная. Яе ведаюць усе, і яна – кожнага. Нікому не адмаўляе ў дапамозе, спяшаючыся па першаму клічу, незважаючы на выхадны, адлегласць ці непагоду. І ўсё гэта без нараканняў, маўляў, сама лёс такі выбрала. Дарэчы, па матчыных слядах пайшла і дачка. Антаніна зараз працуе ў кардыёаддзяленні адной з гомельскіх клінік. А сын Алены Дзяніс, хаця і суправаджаў часцяком маці па начах да пацыентаў, стаў інжынерам-механікам, а не доктарам. Варта дадаць, што Алена Ільінічна з аднолькавай адказнасцю выконвае не толькі прафесійныя абавязкі, а і грамадскія. Пяць скліканняў запар яе выбіраюць дэпутатам мясцовага Савета.

Святлана Шакалян

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.