Ленінскія медыкі — лепшыя
Высокую прафесійную планку трымае Ленінская ўчастковая бальніца. Яе калектыў днямі ўзнагароджаны дыпломам ІІІ ступені рэспубліканскага агляду якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва.
Два дзясяткі гадоў установу ўзначальвае Валерый Мароз. Гэтаму чалавеку ўдалося аб’яднаць сапраўдных аднадумцаў, дзе кожны на сваім месцы шчыра клапоціцца пра агульную справу. А яна адначасова такая простая і надзвычай адказная — вяртаць пацыента да нармальнага жыцця. Годную ацэнку дзейнасці ленінскім медыкам даюць і мясцовыя жыхары, і калегі.
У зоне ўвагі бальніцы — больш за 1800 чалавек, пераважна пенсійнага ўзросту. Радыус абслугоўвання складае 25 кіламетраў. Стацыянар разлічаны на два дзясяткі ложкаў, магутнасць амбулаторыі — 40 наведванняў штодня. Тут маецца ўсё неабходнае на першасным узроўні дыягнастычнае і фізіятэрапеўтычнае абсталяванне, а галоўнае — вопытныя кваліфікаваныя кадры. Два ўрачы агульнай практыкі, восем чалавек сярэдняга медперсаналу, шэсць — малодшага і пяцёра — гаспадарчы і кухонны “актыў”.
Акрамя непасрэдна лячэння хворых, калектыў шмат клапоціцца і пра добраўпарадкаванне, ствараючы прыгажосць і ўтульнасць сваімі рукамі. Тэрыторыя ўстановы ўражвае вытанчанасцю ландшафта і дагледжанасці.
— Заўжды прыемна, калі тваю працу заўважаюць, — прызнаецца загадчык бальніцы Валерый Мароз. — Лічу гэта агульным прызнаннем і калектыву, і адміністрацыі ЦРБ, і нашых мясцовых прадпрымальнікаў, якія не адмаўляюць у падтрымцы. А наогул, для нас няма большай узнагароды, чым удзячнасць пацыентаў, якім змаглі рэальна дапамагчы.
Добразычлівасць да людзей, вопыт і жаданне працаваць — вось аснова поспеху і сутнасць медыцынскай прафесіі.
Святлана Шакалян.
Фота прадастаўлена Ленінскай бальніцай