Рыгор Пракаповіч вопытнейшы спецыяліст ВУ “Жыткавічыгаз”.
Дваццаць чатыры гады сумленна і высокапрафесійна адпрацаваў у гэтым калектыве. І аб зробленым выбары ніколькі не шкадуе.
Нарадзіўся Рыгор Уладзіміравіч у вёсцы Лагвошчы ў шматдзетнай сям’і. Бацькі былі калгаснікамі, таму, як і ўсе сельскія дзеці змалку спазнаў цяжар сялянскай працы. Магчыма гэта і паўплывала на выбар будучай прафесіі. Не стаў шукаць лёгкага хлеба, а проста дасканала асвоіў спецыяльнасць зваршчыка. Першыя крокі на прафесійнай ніве зрабіў у леспрамгасе, калі ж даведаўся, што прадпрыемству газавікоў раёна патрабуюцца зваршчыкі, перайшоў туды. У новым калектыве прынялі рабочага прыхільна, на першым часе аказвалі істотную падтрымку, што спрыяла павышэнню майстэрства Пракаповіча. Яно стала моцна запатрабаваным, калі ў раёне пачалася масавая газіфікацыя і ў службы абслугоўвання знешніх газаправодаў значна пабольшала работы.
Цяпер Рыгор Уладзіміравіч перайшоў у слесары згаданага структурнага падраздзялення. На жаль, канстатуе ён, здароўе не дазваляе займацца любімай справай, бо газавыя магістралі патрабуюць ад спецыялістаў пастаяннай пільнасці і абачлівасці. Але, нягледзячы на гэта, застаўся ў родным калектыве, у якім прайшло яго прафесійнае сталенне. Пракаповіч упэўнены, што як чалавек адносіцца да выканання ўскладзеных на яго абавязкаў, да людзей, з якімі працуе побач, такое стаўленне будзе і да яго. Мяркуючы па тым, што Пракаповіч карыстаецца ў работнікаў ВУ “Жыткавічыгаз” павагай і аўтарытэтам, шчыруе ён у арганізацыі надзвычай плённа. Адным словам, чалавек на сваім месцы. Парадак у Рыгора Уладзіміравіча і ў асабістым жыцці. З жонкай вырасціў і даў пуцёўку ў самастойны шлях двум сынам. Радуюць мужчыну і тры ўнукі.
Сяргей БЕЛКА