Яны таксама набліжалі перамогу

Удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і мацярок загінуўшых “афганцаў” прадстаўнікі ўлады асабіста павіншавалі з вясновым святам.

Добрая традыцыя праведваць на даму тых, хто заслугоўвае асобнай павагі грамадства, жыве не адзін год. Гэтыя сціплыя жанчыны сваім існаваннем уносяць неацэнны ўклад у выхаваўчую работу, на іх прыкладзе сучасная моладзь вучыцца патрыятызму і любові да радзімы. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Кулеш не шкадаваў добрых слоў у адрас паважаных віноўніц урачыстасці.

…Тураўчанка Ганна Бяляй трапіла ў медсанбат непаўналетняй дзяўчынкай. Сваім выратаваннем ёй абавязаны тысячы салдат і афіцэраў, якіх медсястра, рызыкуючы ўласным жыццём, літаральна выцягнула з лап смерці. Многіх жанчына прыгадвае дагэтуль, пры кожнай сустрэчы здзіўляючы ясным розумам і цэпкай памяццю. І гэта ў 94 гады. Выдатная апавядальніца Ганна Іванаўна заўжды знаходзіць новыя фарбы, каб расказаць пра вайну, як мала хто ўмее. Было так і на гэты раз. Яна з радасцю і ўдзячнасцю сустрэла гасцей. Пагутарылі пра былое і дзень сёняшні, а на развітанне ветэран вайны паабяцала, калі Бог дасць сілы, у Дзень Перамогі зноў сыграць на губной гармошцы, як леташнім маем. Адмысловы інструмент – яшчэ адна франтавая згадка, ім яна авалодала ў перапынках паміж перавязкамі і аперацыямі.

Колькі прыемных хвілін таксама разам з кветкамі і падарункам атрымала і 90-гадовая Марыя Кіслюк. Сын жыхаркі вёскі Буйкавічы, Анатоль, не вярнуўся з Афганістана. Марыю Ільінічну забрала да сябе ў Кольна дачка. Акружаная ўвагай бабулька прызналася, што ўсё роўна сумуе па свайму селішчу, куды прагне яе сэрца…

Напярэдадні 8 Сакавіка члены райвыканкама павіншавалі 14 жанчын згаданай катэгорыі, падзякаваўшы ім за ўсё, што яны рабілі і робяць дзеля свайго роднага куточка і краіны.

Святлана Шакалян

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.