Ці трымаюць жыткаўчане дыстанцыю?
Яшчэ нядаўна мы ўздымалі праблему празмернага захаплення моладзі рознымі гаджэтамі. Ніхто тады і падумаць не мог, што зусім хутка сацыяльныя сеткі стануць галоўным правайдэрам да ведаў. Ва ўмовах распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі многія бацькі прынялі рашэнне пакінуць сваіх дзяцей дома. Як зараз вучаць і вучацца па-за школай, расказалі ўдзельнікі адукацыйнага працэсу:
Таццяна Русая, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама:
— Для тых, хто знаходзяцца на ўдалёнцы, арганізавана індывідуальнае суправаджэнне. Задача настаўнікаў — дапамагчы ім асвойваць праграму самастойна. Дзеля гэтага шырока выкарыстоўваюцца розныя інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі. Кожная ўстанова сыходзіць са сваіх магчымасцей. Большасць вучняў кантактуюць з педагогамі праз Інтэрнэт. Тыя, хто не мае выхаду ў Сеціва, таксама не застаюцца без увагі: для іх заданні ў пісьмовым выглядзе пакідаюцца на вахце школы, туды ж можна прыносіць сшыткі для праверкі. Некаторым дзецям зручна перыядычна кансультавацца з настаўнікам сам-насам. Думаю, што атэставаныя будуць усе без выключэння. У першы дзень чвэрці на заняткі прыйшла амаль палова дзяцей. Сёмага мая прысутнічалі 41,9 працэнта вучняў жыткавіцкіх устаноў і 69,1% — сельскіх.
Ганна Друк, дырэктар СШ №3 г. Жыткавічы:
— Педагогі аднолькава не пакідаюць без увагі і тых, хто прыйшоў на ўрокі, і тых, каго бацькі пакінулі дома. Мы спраўляемся. Дапамагае ў тым наладжаны раней онлайн-сервіс электронных журналаў і дзённікаў. Акрамя таго, карыстаемся і платформай “ЯКласс”, дзе вучні могуць самастойна вывучаць матэрыял і правяраць свае веды. Многія трымаюць сувязь і па вайберу. Упэўнена: хто хоча вучыцца, той будзе займацца пры любых умовах. Напрыклад, мае аддзінаццацікласнікі амаль у поўным складзе прыходзяць пасля абеду, калі школа пусцее, каб рыхтавацца да тэсціравання па матэматыцы.
Анастасія Бакуновіч, маці трэцякласніцы СШ №2 г. Жыткавічы:
— Вядома, лепей дзецям было б наведваць школу, але я хвалююся за Віку. Дома яна засталася за тыдзень да канікулаў. Да сітуацыі ўжо прыстасаваліся і асаблівых складанасцяў не адчуваем. Заданні атрымліваем праз вайбер. Як і раней дачка да нашага вяртання з працы робіць урокі сама, потым я ці муж правяраем, тлумачым, калі што не зразумела, а назаўтра сшыткі пакідаю ў школе настаўніцы. Пакуль уласных ведаў хапае, каб дапамагчы дзіцяці.
Алена Юнчыц, настаўнік 2 класа СШ №2 г. Жыткавічы:
— Мы стварылі бацькоўскі вайбер-чат, праз які і камунікуем. Да таго ж я пастаянна трымаю і тэлефонную сувязь, калі што не зразумела. У кожнага дзіцяці ёсць дадатковыя сшыткі па пісьмовых прадметах з заданнямі, а як вучаць вусныя тэмы ці, напрыклад, вершы, даведваюся з відэа, што прысылаюць мамы. Практыкаваць удалёнку мы пачалі яшчэ, калі падоўжылі канікулы, бо не хацелася губляць часу. Удзячна бацькам сваіх вучняў за паразуменне, зараз яны ўзялі на сябе настаўніцкія функцыі. Эпідэмічная сітуацыя абавязкова палепшыцца, а так дзеці не адстануць ад праграмы.
Арсеній Волкаў, вучань 9 класа гімназіі:
— Мама перавяла мяне на ўдалёнку, каб не падвяргаць рызыцы здароўе бабулі, якая жыве з намі. Я выконваю заданні і адпраўляю настаўнікам праз Інтэрнэт — каму на электронку, каму праз вайбер. Такім жа чынам адбываецца і зваротная сувязь. Калі ўзнікаюць пытанні — тэлефаную. Нагрузка, па-мойму, зараз удвая большая. На ўроку веды даюцца лягчэй, чым у ізаляцыі. Хвалююся: у мяне ж наперадзе экзамены. Паблажак сабе не даю, працую строга па раскладу. Шмат прыходзіцца чытаць, шукаць дадатковую інфармацыю па прадметах. Хутчэй бы ўсё наладзілася, дужа сумую па гімназіі. Жывых стасункаў з аднакласнікамі і настаўнікамі нішто не заменіць.