Кіраўніцтва Марохараўскага сельвыканкама пастаянна прыкладвае намаганні па паляпшэнні жыццядзейнасці насельніцтва
Кіраўніцтва Марохараўскага сельвыканкама пастаянна прыкладвае намаганні па паляпшэнні жыццядзейнасці насельніцтва на адміністрацыйнай тэрыторыі.
Нядаўна ў вёсцы Марохарава ўдалося вырашыць пытанне з гандлёвым абслугоўваннем, якое даўно турбавала людзей. У будынку сельсавета на пустуючых плошчах адкрылі новы магазін. Ініцыятыву мясцовай улады патрымаў прадпрымальнік Дзмітрый Крылоў, які ўзяў у арэнду памяшканне. За параўнальна кароткі час бізнесмен адрамантаваў яго, набыў неабходнае абсталяванне, завёз шырокі асартымент прадуктаў і нехарчовых тавараў. Вось ужо трэці тыдзень кропка гасцінна расчыняе дзверы перад пакупнікамі. Для іх зручнасці пастараўся і сельвыканкам, які каля крамы ўстанавіў лавы і скрынкі для збору смецця, а таксама ўзвёў навес над ганкам Савета. Цяпер жыхары могуць тут і з камфортам дачакацца паштовага аддзялення на колах. Вялікую дапамогу ў абсталяванні зоны адпачынку аказалі дэпутаты райсавета Міхаіл Саскевіч і Сяргей Суматохін.
Па словах старшыні Марохараўскага сельвыканкама Генадзя Лесько, спонсарская падтрымка станоўча адбіваецца на дзейнасці па вырашэнні праблем насельніцтва. У прыватнасці, падстаўленае плячо дапамогі ад прадпрымальніка Ігара Андрэйчука дало магчымасць збудаваць альтанку ў Вятчынскай Рудні. Сёння там мясцовыя пенсіянеры збіраюцца да прыезду аўталаўкі. Знаходзіць сельвыканкам сабе памочнікаў і ў справе абнаўлення помніка ў Марохарава.