Такi важны i патрэбны чалавек
Безумоўна, усе прафесіі на свеце важныя і неабходныя для чалавецтва амаль аднолькава. Але ёсць усё ж такія спецыялісты – людзі нашага раёна, без якіх наша з вамі існаванне было б складаным, а часам і зусім немагчымым. І ў першую чаргу гэта медыкі. “Людзі ў белых халатах” (як называем іх мы з вамі) суправаджаюць нас на працягу ўсяго жыцця.
Перад паяўленнем на свет за жанчынай назірае гінеколаг, пасля перадае немаўлятка педыятру, а там наступае чарга тэрапеўта і, часам, хірурга. Але ёсць медыкі, якія сумяшчаюць у сабе ўсе гэтыя спецыяльнасці. Гэта фельчары, што працуюць на вёсцы.
Дваццаць сем гадоў шчыруе ў медыцынскай галіне Жанна Белка, загадчык Верасніцкага ФАПа. Працуе плённа і заўсёды адказна ставіцца да сваёй справы. З упэўненасцю можна сказаць, што няма ніводнага чалавека ў нашай вёсцы, якому не даводзілася б хоць раз сустрэцца з Жаннай Рэвазаўнай: адны прыходзяць на ФАП, каб набыць неабходныя лекі, другія – паскардзіцца на дрэннае самаадчуванне, трэція – за працэдурамі. Чакаючы чаргі, наведвальнікі ФАПа ва ўтульнай абстаноўцы абмяркоўваюць свае праблемы, дзеляцца навінамі і ўражаннямі, а Жанна Рэвазаўна ўмела знаходзіць падыход да кожнага са сваіх падапечных. Яна, як сапраўдны псіхолаг, лечыць не толькі цела, але і душу. Любую трывогу і паніку пацыентаў здымае сваімі кампетэнтнымі тлумачэннямі і парадамі, умела ставіць дыягназ і вызначае спосаб лячэння. Яна заўсёды разумее тую вялікую адказнасць за здароўе і жыццё людзей, якая ляжыць кожны дзень на яе плячах. Тураўскія або жыткавіцкія ўрачы далёка, і, калі неабходна неадкладная дапамога, жыхары Верасніцы спадзяюцца толькі на хуткую рэакцыю паважанай усімі Жанны Рэвазаўны.
Адзіны яе афіцыйны выхадны — нядзеля. Але і ў гэты дзень часта можна ўбачыць, як спяшаецца “вясковы доктар” на дапамогу да сваіх падапечных. Праца працягваецца і днём, і ноччу сем дзён на тыдзень. Сёння трэба на ўчастку наведаць немаўлят (дарэчы, у апошні час у многіх сем`ях вераснюкоў паяўляецца трэцяе, а то і чацвёртае дзіцятка). Заўтра неабходна заехаць да пенсіянераў, што не могуць самастойна дабрацца да ФАПа. Потым важна нагадаць вяскоўцам аб неабходнасці сезоннай вакцынацыі, напомніць аб тэрміновым праходжанні медыцынскага агляду. І так кожны дзень…
Акрамя ўсяго пералічанага, Жанна Белка займаецца актыўнай грамадскай дзейнасцю. Ужо многа гадоў запар разам з супрацоўнікамі сельскага выканаўчага камітэта, НПС “Тураў”, ААТ “Тураўшчына” яна з`яўляецца членам апякунскага савета ДУА “Верасніцкая сярэдняя школа”, а таксама членам Савета прафілактыкі правапарушэнняў сярод падлеткаў і моладзі. На пасяджэннях Жанна Рэвазаўна заўсёды ўважліва да ўсіх праблем і пытанняў, дае мудрыя парады, да якіх абавязкова прыслухоўваюцца як падлеткі, так і іх бацькі. Фельчар часты госць на бацькоўскіх сходах, школьных лінейках і класных гадзінах, дзе таксама выступае з лекцыямі па прафілактыцы розных захворванняў і шкодных звычак.
Не абыходзіцца школа без дапамогі Жанны Рэвазаўны і ў летні час. Пры праходжанні медыцынскай практыкі старшакласніцы зноў наведваюцца на ФАП, дзе фельчар вучыць іх правільна накладваць розныя віды павязак і аказваць першую медыцынскую дапамогу. А меншыя школьнікі ў час адпачынку на летняй пляцоўцы кожны год, калі адпраўляюцца на экскурсіі па ваколіцах вёскі, не мінаюць будынак ФАПа, бо Жанна Рэвазаўна абавязкова раскажа, як пазбегнуць цеплавога і сонечнага ўдару, як быць, калі заўважыш на целе кляшча, як зрабіць штучнае дыханне, што прыкласці да ранкі. Слухаюць малыя, і, мабыць, хто-небудзь з іх ужо плануе дапамагаць людзям, як робіць гэта наш фельчар.
Здаецца, за гэтымі клопатамі зусім не застаецца ў Жанны Рэвазаўны часу для асабістага жыцця. Але ж гэта не так. Яна паспявае быць дбайнай гаспадыняй, спраўляецца з вялікай гаспадаркай, трымае дом і тэрыторыю вакол у ідэальным парадку. Неаднаразова яе сядзібу адзначалі ў конкурсе на лепшае падвор`е.
А з дапамогай ёй заўсёды выступае сям’я. Жанна Рэвазаўна – мама трох дзяцей. Старэйшы сын Канстанцін ужо жанаты, мае сваіх дзетак. Дачка Алена таксама, як і мама, выбрала прафесію медыка. А малодшая, Аляксандра, пакуль яшчэ вучаніца шостага класа. Невядома, як складзецца яе лёс, якой прафесіі аддасць перавагу, але ж матуля спадзяеца, што яна абавязкова стане Чалавекам з вялікай літары.
Кампетэнтны фельчар, клапатлівая гаспадыня і маці, добрая суседка, верная сяброўка, прыгожая і сучасная жанчына… Гэта наша Жанна Рэвазаўна. А ўсе мы, яе аднавяскоўцы, жадаем ёй моцнага здароўя, поспехаў у працы і натхнення. Няхай кожны яе дзень будзе напоўнены водарам вкетак і шчаслівымі імгненнямі.
Жыхары аграгарадка Верасніца