У межах ІІ Міжнароднага фестывалю літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага” дзіцячая школа мастацтваў імя Уладзіміра Будніка зладзіла творчы конкурс “Мой родны край”
У межах ІІ Міжнароднага фестывалю літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага”, аб’яўленага абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзіцячая школа мастацтваў імя Уладзіміра Будніка зладзіла творчы конкурс “Мой родны край”.
Да ўдзелу ў змаганні запрасілі выхаванцаў мастацкіх аддзяленняў, што створаны ў трох ДШМ раёна. На працягу двух месяцаў 29 рабят працавалі над сваімі творамі, выбіраючы ідэю і ўвасабляючы яе рознымі выяўленчымі спосабамі. У выніку атрымаліся 32 выдатныя работы, якія зараз упрыгожваюць файе ўстановы.
– Прыемна, што многія дзеці прымянілі шэраг наватарскіх прыёмаў, якім навучыліся на ўроках, – аналізуе выставу настаўнік мастацкага аддзялення Вольга Стэць, якая разам з дырэктарам школы Жанай Гарэлавай распрацоўвала палажэнне аб конкурсе. – Сёння пры стварэнні карціны аднаго пендзліка мала. Маляваць можна, напрыклад, палачкай ці галінкай, нечаканага эфекту дабіваюцца з дапамогай звычайнай солі, а выкарыстанне сумесі пяску і клею надае твору патрэбную аб’ёмістасць.
На папяровых аркушах, адпавядаючы заяўленай тэме, увасобіліся багацце мясцовай прыроды і рэлігійныя славутасці рэгіёна, сямейныя сцэны, нацюрморты. Адны карціны праз натуральнасць падобныя на фота, другія сакавітасцю фарбаў нагадваюць палотны экспрэсіяністаў. Вынікі падводзілі ў трох намінацыях – жывапіс, малюнак і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (плоскасная работа), разбіўшы ўдзельнікаў на ўзроставыя групы: 5-8, 9-12 і 13-16 гадоў. Цікава, што журы ў складзе выкладчыкаў выяўленчага мастацтва ўпершыню ацэньвала творы ў дыстанцыйным рэжыме. Па асобных працах нават узнікалі творчыя спрэчкі, для вырашэння якіх прыйшлося прыцягнуць настаўнікаў іншых аддзяленняў школы.
Дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступені будуць заахвочаны 11 чалавек. Мы назавём імёны тых, хто набраў найбольшую колькасць балаў. Сярод жывапісцаў гэта Глеб Чырэц (мал. гр.), Чырвоненская ДМШ, Дзяніс Птушко (сяр. гр.), Жыткавіцкая ДШМ, Ангеліна Каралец (ст. гр), Тураўская ДШМ. Лепшы малюнак атрымаўся ў Віталіны Гром (сяр. гр.), Жыткавіцкая ДШМ. У катэгорыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва перамагла Сафія Матарас (сяр. гр.), Жыткавіцкая ДШМ.
Конкурс “Мой родны край” засведчыў вялікую цікавасць моладзі да выяўленчага мастацтва і досыць высокі яе патэнцыял. Таму прынята рашэнне ў наступным годзе далучыць да творчага спаборніцтва і вучняў агульнаадукацыйных устаноў раёна.
Дададзім, што сёння ў трох школах мастацтваў займаюцца 126 дзяцей, не лічачы 29 выхаванцаў падрыхтоўчых класаў. Выкладаюць дысцыпліну чатыры настаўнікі – два ў райцэнтры і па аднаму ў Тураўскай школе і Чырвоненскай.
Святлана ШАКАЛЯН