На нарадах — важныя пытанні

Шэраг планавых мерапрыемстваў на гэтым тыдні праведзена раённым Саветам дэпутатаў. У прыватнасці, на пасяджэннях пастаянных камісій: мандатнай і па пытаннях кантролю і па эканоміцы, бюджэту, фінансах і камунальнай дзейнасці, іх прадстаўнікі дэталёва прааналізавалі стан работы ў рэгіёне па ўвядзенню ў гаспадарчы зварот нявыкарыстоўваемай маёмасці і па будаўніцтву  жылля. Па вынесеных на парадак дня пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні. Актыўна ўдзельнічаў у працы структур райсавета  яго старшыня Уладзімір Кулеш.

Каб маёмасць прыносіла даход

Тое, што народныя абраннікі звярнуліся да акрэсленай вышэй тэматыкі, сведчыць аб яе важнасці ў развіцці рэгіёна. Як паказала абмеркаванне, у кожнай дзейнасці маецца нямала станоўчых момантаў, а таксама і праблемных.

Аб тым, якія задачы стаяць на бягучы год па ўвядзенню ў гаспадарчы зварот нявыкарыстоўваемых аб’ектаў,  выступіў з падрабязнай інфармацыяй начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Аляксей Раманюк. Ён агучыў, што па выніках маніторынга на першае мая ў раёне налічвалася шэсцьдзясят адзінак такой маёмасці. З гэтай колькасці задзейнічана дзявятнаццаць аб’ектаў. Трынаццаць з іх уключаны ў гаспадарчую дзейнасць або знесены, адзін выстаўлены на продаж, тры, як камерцыйнае жыллё, закансервавана, яшчэ па двух праводзіцца працэдура пастаноўкі на баланс на праве ўласнасці за рэгіёнам.

— Дадзеная работа павінна весціся больш актыўна, — заўважыў старшыня райсавета Уладзімір Кулеш. — Яе вынікі садзейнічаюць удасканаленню кіраваннем і распараджэннем дзяржаўнай маёмасцю, павышэнню эфектыўнасці дзейнасці прадпрыемстваў з удзелам дзяржавы, прыцягненню інвестыцый, а таксама павелічэнню даходаў бюджэта. Да таго ж, як паказвае практыка, занядбалая маёмасць не спрыяе добраўпарадкаванасці тэрыторый і тоіць вялікую пагрозу для людзей, асабліва дзяцей.

І з такой высновай цяжка не пагадзіцца, бо, сапраўды, работы наперадзе вельмі шмат. На пасяджэнні камісіі нямала крытычных заўваг прагучала ў адрас кіраўніцтва акцыянерных таварыстваў “Людзяневічы” і “Тураўшчына”, дзе марудзяць з важнай справай. На мерапрыемстве былі заслуханы  прадстаўнікі гаспадарак: юрысконсульт Сяргей Месніковіч і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Арцём Кузьміч, якія расказалі пра захады, што прымаюцца ў сельгаспрадпрыемствах у рабоце з нявыкарыстоўваемымі аб’ёктамі.

Будваць – значыць жыць

Не меней зацікаўлена ішло абмеркаванне пытання і на пасяджэнні камісіі па эканоміцы, бюджэце, фінансах і камунальнай дзейнасці ў Тураўскім гарсавеце.

Аб тым, якое жыллё і па якіх цэнах, для каго будзе будавацца ў раёне, расказаў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Яўген Фралоў. Як вынікала з яго выступлення, у гэтай галіне дзейнасці Жыткаўшчына знаходзіцца на перадавых пазіцыях у вобласці. Для параўнання, аб’ёмы ўзвядзення дамоў у нашым раёне такія ж як і ў Калінкавіцкім. Хаця насельніцтва ў апошнім рэгіёне перавышае наша амаль удвая. За бягучы год плануецца пабудаваць 19630 м2 жылля. Да канца месяца пастаўлена задача з гэтай колькасці ўвесці ў эксплуатацыю 43,2 працэнты. Для чаго аказваецца істотная дзяржаўная падтрымка. Несумненна, такі тэмп дазволіць палепшыць умовы пражывання тым грамадзянам, якія ў гэтым маюць патрэбу. І ў першую чаргу шматдзетным сем’ям.

Ігар Міцюрыч, старшыня Тураўскага гарсавета, падрабязна спыніўся на асноўных аспектах жыллёвага будаўніцтва на ўзначальваемай ім адміністрацыйнай тэрыторыі. У прыватнасці, па яго словах, у горадзе 84 чалавекі пастаўлены на ўлік для паляпшэння ўмоў пражывання.  Наведванне паселішча сведчыць, што справы ў такой дзейнасці ладзяцца. Напрыклад, узводзіць шматпавярхоўку Тураўскі малочны камбінат. Запланавана будаўніцтва яшчэ адной. Нямала грамадзян абзавяліся ўласнымі дамамі. Для гэтага мясцовая ўлада своечасова выдзяляе зямельныя ўчасткі. Зараз на іх атрыманне заявіліся дзевяць чалавек, а вольных надзелаў 16. Хаця, як заўважыў Ігар Леанідавіч, не абыходзіцца без праблем. Асабліва яго турбуюць шматдзетныя сем’і, якія па розных прычынах не могуць стаць на ўлік для паляпшэння сваіх умоў пражывання.

— Вось і напрамак для дзейнасці мясцовай уладзе, — падкрэсліў старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Кулеш. — Патрэбна пастарацца дапамагчы людзям станоўча вырашыць іх пытанні.

Варта сказаць, што прадстаўнікі дэпутацкай камісіі былі даволі актыўнымі. Яны цікавіліся ў выступаючых не толькі тым, як ідзе будаўніцтва кватэр і дамоў, але і развіццём інфраструктуры, асабліва ў новых мікрараёнах райцэнтра, станам жылля ў сельскай мясцовасці і дэмаграфіяй у вёсках, рассяленнем маладых спецыялістаў і іншым. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў прынятым рашэнні камісіі.

Сяргей БЕЛКА

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.