Каронная хваля затухае

Усё меней людзей з дыягназам COVID-19 паступае ў раённую бальніцу.

Калі спачатку пра станоўчыя перамены ўрачы гаварылі вельмі асцярожна, то зараз упэўнены: сітуацыя стабілізуецца. Каронавірус, на шчасце, здае пазіцыі. Услед за тэрапеўтычным аддзяленнем, пра якое мы нядаўна пісалі, “брудную” зону з 10 ліпеня адмянілі і ў інфекцыёнцы. Пасля стараннай дэзінфекцыі памяшканняў яе ложкі сталі займаць профільныя пацыенты.

Ва ўмовах пандэміі супрацоўнікі ЦРБ набылі каласальны вопыт работы. Жыткавічы першымі з райцэнтраў вобласці сутыкнуліся з невядомай навалай. Усім без выключэння медыкам тады прыйшлося ў экстранным парадку успамінаць курс па інфекцыйным хваробам. Дактары, медсёстры, санітаркі, рызыкуючы здароўем, ішлі ў ачаг, навучыліся працаваць у не самай прыдатнай амуніцыі і пры гэтым не гублялі аптымізму, усяляючы надзею на станоўчы зыход.

Трэба спадзявацца, што самае цяжкае засталося ззаду. Сёння бальніца, вяртаючыся да звычайнага рэжыму, уздыхнула з палёгкай. Па словах галоўнага ўрача Людмілы Катлярчук, жыхары раёна сталі атрымліваць у стацыянары шматпрофільную дапамогу. Напрыклад, толькі за два ліпеньскія тыдні ў акушэрскім аддзяленні нарадзіліся шэсць немаўлят. Не пустуюць і іншыя палаты, агульная напаўняльнасць зараз складае каля 60 працэнтаў. Між тым, для людзей з каронавірусам і пнеўманіямі яшчэ застаюцца “зарэзервіраванымі” 20 ложкаў у хірургіі. Не праводзяцца пакуль і планавыя аперацыі. Выкананне санэпідрэжыму таксама не здымаецца з парадку дня.

Як і ў іншых бальніцах краіны, у Жыткавіцкай ЦРБ супрацоўнікі, што працуюць з COVID-станоўчымі пацыентамі, атрымліваюць даплаты. Дзяржаўны клопат, канечне, прыемны бонус, але ж галоўнае, па меркаванню людзей у белых халатах, не гэта. Куды важней здароўе чалавека, якому змаглі дапамагчы пераадолець хваробу. Пандэмія, узняўшы аўтарытэт медыкаў на сапраўдную вышыню, паказала, наколькі высокародная іх прафесія.

Святлана Шакалян  

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.