Схіляе важкі колас галаву

Механізатар КСУП “Чырвоны Бор” Аляксандр Макарэвіч даў афіцыйны старт сёлетняму жніву ў раёне. Ва ўрочышчы Воўчая Галава тэставая ўраджайнасць азімага жыта склала 22,4 цэнтнера з гектара пры леташняй агульнай – 18 цэнтнераў на круг.

У першую загонку мужчына рушыў на сваім камбайне КЗС-2-1218Т з сістэмай гусенічнага ходу, дазваляючай працаваць на пераўвільготненых і тарфяна-балотных глебах. У гаспадарцы большасць палеткаў меліяраваныя, таму гэта тэхніка вельмі актуальная. Машыну, якіх, дарэчы, усяго тры на Гомельшчыне, сельгаспрадпрыемства атрымала летась.

— Агрэгат паказаў сябе выдатна, — гомсельмашаўцам удзельнік рэспубліканскіх “Дажынак” Макарэвіч дае высокую ацэнку. – Напярэдадні жніва, яе, канешне, зноў перагледзеў, адрэгуліраваў усе вузлы, каб падчас жніва не дапусціць страт.

У “Чырвоным Бары” зерневыя і зернебабовыя культуры даспяваюць амаль на тысячагектарнай плошчы, таму працы хопіць усім. Выконваючы абавязкі кіраўніка КСУПа Васіль Макарэвіч запэўнівае: хлеба павінны атрымаць больш, чым летась.

Добрыя віды на ўраджай мае і  Жыткаўшчына. Наколькі гатовы земляробы рэгіёна да, бадай, самай адказнай кампаніі і як правесці яе на высокім арганізацыйным узроўні? Пра гэта ішла размова на раённым семінары-вучобе, што адбыўся ў згаданай гаспадарцы. Да размовы запрасілі ўсіх зацікаўленых: ад механізатараў, аграномаў і інжынераў да дырэктарскага корпусу і вядучых спецыялістаў райсельгасхарчу. Па словах першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалая П’яўко, сёлетні збожжавы клін складае 10859 гектараў, з якіх плануецца сабраць каля сарака тысяч тон зерня. У лік дзяржзаказу неабходна паставіць без малога 4700 тон, амаль тры тысячы тон засыпаць насення. Сярэдняя ўраджайнасць бачыцца нядрэнная – 29 ц/га. Ва ўсялякім разе, у мінулае жніво з такім паказчыкам мы ўваходзілі ў тройку абласных лідараў. Да работы падрыхтаваны чатыры дзясяткі камбайнаў, нагрузка на кожны — мінімальная па Гомельшчыне. Гатова і сушыльная гаспадарка на месцах, укамплектавана служба тэхнічнай падтрымкі. Цяпер задача нумар адзін – не марудзячы часу, скарыстоўваць кожную пагодлівую гадзіну.

На якасці і тэмпах уборачнай засяродзіў увагу старшыня райвыканкама Аляксандр Сідарэнка.

— Сёння прыняты ўсе меры дзеля таго, каб мы справіліся з гэтай работай у аптымальныя тэрміны – за тры, максімум чатыры тыдні, — акрэсліў перспектывы кіраўнік рэгіёна. – На падрыхтоўку гаспадаркі атрымалі авансы, сродкі выдзелены таксама з рэзервнага фонду і за кошт пераразмеркавання бюджэту. Планка ўзята высокая, і нам нельга губляць прэстыжу гэтага куточка Палесся са слаўнай гісторыяй.

Гаворачы пра матэрыяльныя аспекты, Аляксандр Сідарэнка закрануў і чалавечы фактар, патрабаваўшы беражлівых і паважлівых адносін да кадраў, зразумела, пры належным кантролі і запыце. Да кожнага павінны быць даведзены ўмовы аплаты працы і нормы вытворчай дысцыпліны, каб пазбегнуць траўматызму. Дарэчы, як прагучала на семінары, пры належнай выпрацоўцы і высокай якасці работы дзённы заробак камбайнера можа дасягнуць 60-100 рублёў.

Пра захаванне правілаў пажарнай і транспартнай бяспекі, недапушчэнне падчас жніва супрацьпраўных дзеянняў у эканамічнай сферы нагадалі кіраўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, міліцыі і ДАІ. Лідар раённага камітэта прафсаюзаў АПК Уладзімір Радавец засяродзіў увагу на належнай арганізацыі харчавання механізатараў і ўмовах працоўнага саперніцтва на ўборцы збожжавых. Завяршылася мерапрыемства практычнай часткай па рэгуліроўцы камбайна і вызначэнні чысціні абмалоту коласа.

Святлана Шакалян

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.