У КІРАЎНІКІ — СА СТУДЭНЦКАЙ ЛАЎКІ
Урач агульнай практыкі Іван Вялькоў родам з Рагачова. Прапанову размеркавання ў наш раён сустрэў станоўча. Адзіны мінус — да дому далекавата, астатняе прымае з аптымізмам.
— Назначэнне загадчыкам Дзякавіцкай амбулаторыі стала прыемнай нечаканасцю, — дзеліцца ўражаннямі малады чалавек. — Атрымаў статус кіраўніка, хаця разумею: гэта адказнасць не толькі за сябе, а і за калектыў.
У падначаленні Івана Аляксандравіча чатыры чалавекі плюс тры прыпісныя ФАПы. Да сваіх непасрэдных абавязкаў ён прыступіў толькі 25-га жніўня, бо ў памяшканні лякарні завяршаўся рамонт. Баявое хрышчэнне праходзіў у раённай паліклініцы, потым два тыдні быў палатным доктарам стацыянара. Цікаўлюся, ці не страшыўся рабіць першыя назначэнні?
— Ардынатарская практыка добрая, але канспекты далёка не хаваю, — юнак жартуе, што самы важны навык — ведаць, дзе шукаць патрэбную інфармацыю. — Да таго ж і старэйшыя таварышы, упэўнены, у дапамозе не адмовяць.
Пакуль найбольшыя цяжкасці выпускнік Гомельскага медуніверсітэта адчувае пры афармленні дакументацыі. Гэтую дысцыпліну на лекцыях не выкладаюць, спасцігаецца яна выключна вопытным шляхам. Івану Вялькову прадаставілі службовы пакой. Жыллёвыя ўмовы вясковага ўрача ўпаўне задаволілі. Па ўласным прызнанні, у бытавым плане чалавек ён непераборлівы. Галоўнае, што на працы створаны добрыя ўмовы.