Калі з табой каманда
Вынік ад сумеснай працы абавязкова будзе станоўчым, упэўнены загадчык зернесушыльнага комплексу Вячаслаў Касцянка, які са сваімі падначаленымі дапрацаваў больш як дзесяць тон збажыны:
– Кожнае жніво для мяне – гэта найперш адказнасць за той участак работы, які даручылі. Усё ж сушыльны комплекс – аб’ект даволі складаны, і патрабуе неаслабнага кантролю. Мой графік жыцця ў гэты час кардынальна памяняўся – з сямі гадзін раніцы і да адзінаццаці вечара знаходзіўся на вытворчым участку, дзе дапрацоўвалі зерне. Калі ўзнікала патрэба, прыходзіў і ноччу. І такога стаўлення да справы патрабаваў ад сваіх падначаленых. У нашым невялікім калектыве падабраліся старанныя работнікі, таму з упарадкаваннем паступіўшага збожжа спраўляліся своечасова. Мы і зараз не спыняем работу, дапрацоўваем зерне кукурузы. Увогуле пара ўборкі для нас распачалася, як толькі на ток паступілі першыя тоны насення рапсу, потым узяліся за збажыну, проса, грэчку. Клопатаў хопіць да лістапада, пакуль усё давядзем да ладу. А там будзем рыхтавацца да новага сезону. Вось такі кругазварот атрымліваецца.
Сярод тых, чые здабыткі на сёлетнім жніве ўшанавалі на раённых Дажынках, хлебаробы КСУПа «Бялёў» Мікалай Чэркас, Максім Савіч і ААТ «Людзяневічы» Раман Салавей і Міхаіл Месніковіч. Належная пашана на ўрачыстасці аказана кіраўнікам і спецыялістам гаспадарак.