Тураўскія гаспадары
З кожным годам харашэе старажытнае паселішча над Прыпяццю. Свой унёсак у яго добраўпарадкаванне разам з уладамі робяць і месцічы. Домам узорнага парадку дастойна звацца тут не адна сядзіба.
На вуліцы Савецкай нельга не спыніцца каля пяцісценка, дзе жыве шматдзетная сям’я Нічыпарук. За 13 гадоў, што разам, Таццяна з Русланам уласнымі рукамі зрабілі на падворку сапраўдны аазіс з фантанам і садовымі фігурамі. Пачуццё прыгажосці бацькі выхоўваюць і ў трох сваіх нашчадкаў. Па сцвярджэнні мужа і бацькі, сумесная творчасць дакладна не дае сумаваць.
Наступны адрас – завулак Энгельса. Сінім колерам радуе мінакоў даволі сціплая хата, затое ўчастак літаральна патанае ў зеляніне. Гаспадыня Ганна Варабей не ўяўляе свайго жыцця без кветак, яе захапленне цалкам падтрымлівае муж Міхаіл. Асаблівая прыхільнасць пенсіянеркі да калекцыі лілій, а найбольш ганарыцца рэдкім кампсісам: летам на кусту ад бутонаў лісця не бачна.
Ёсць прыклад для пераймання і на вуліцы Рычоўскай. Вуглавы дом Паліны Радзіёнавай ведаюць многія – не раз жанчына рэзала для мясцовых школьнікаў букеты. Стракатае расліннае покрыва на яе ўчастку “ляжыць” з ранняй вясны да позняй восені, шмат вазонаў і ў пакоях. Тураўчанка працавала швачкай. Прызнаецца, што кветкі для яе заўжды былі і застаюцца своеасаблівай тэрапіяй.
Святлана Шакалян