“ Тураўшчына” добрымі справамі багацее
Мясцовыя аграрыі і перапрацоўшчыкі
годна сустракаюць прафесійнае свята
Для калектыву гэтага акцыянернага таварыства бягучы год, як і мінулыя, быў насычаны стваральнай працай. І яна прынесла нядрэнны плён. У параўнанні з леташнім практычна па ўсіх пазіцыях гаспадарка зрабіла крок наперад, што сведчыць аб стабільным развіцці. Безумоўна, кожны гэты паказчык не з паветра ўзяўся, а дасягнуты камандай прафесіяналаў, якую ўзначальвае Раіса Страх. Сапраўдных жа майстроў , якія звязалі сваё жыццё з нялёгкай сялянскай працай, у кожным структурным падраздзяленні сельгаспрадпрыемства нямала. У чым і пераканаліся падчас яго наведвання.
У жывёлагадоўлі Аляксандр Масла працуе больш як два дзясяткі гадоў. Багаты вопыт дапамагае штодзённа паспяхова спраўляцца са значным аб’ёмам абавязкаў.
Зараз Аляксандр Анатольевіч прыкладвае ўласныя старанні і практычныя навыкі на малочна-таварным комплексе “Казаргаць-2”. За ім замацавана немалое пагалоўе: 260 цялушак і 145 сухастойных кароў. Дзякуючы руплівасці даглядчыка яго гадаванцы добра прыбаўляюць у вазе, у сярэднім за суткі па 800-900 грамаў. Каб дабівацца такіх прываг, мужчына стварае для жывёлы камфортныя ўмовы ўтрымання, імкнецца, каб кожны кілаграм корму прыносіў максімальную аддачу. Напрыклад, тыя ж камбікармы Аляксандр раздае ўласнаручна.
— У нашай справе патрэбна ўсё рабіць з душою, — дзеліцца сакрэтам майстэрства Аляксандр Анатольевіч. — Жывёла імгненна рэагуе нават на нязначныя перамены ў тэхналагічным ланцугу. Нешта недагледзеў і запланаванага выніку ўжо не атрымаеш. Таму наракаць на цяжкасці няварта, проста выконвай, што патрабуецца, і ўсё атрымаецца.
Штогод розныя ўчасткі вытворчасці гаспадаркі папаўняюцца маладымі спецыялістамі. У ліку такіх Віктар Флар’яновіч, які працуе на МТК “Казаргаць-2” ветурачом-гінеколагам.аказвае працай
— Гэта маё першае рабочае месца пасля заканчэння Віцебскай ветакадэміі, — расказвае спецыяліст, — ужо тры гады на пасадзе, мяне ўсё задавальняе. Працую на новым сучасным комплексе, кіраўніцтва забяспечыла жыллём, добрыя адносіны склаліся з калегамі. Адным словам, ёсць аснова для прафесійнага росту.
Спецыяльнасць выбіраў малады чалавек па парадзе дзядзькі, які таксама шчыруе ветурачом. Таму і не расчароўвае прынятае рашэнне. І гэта даказвае справамі. Кола абавязкаў у Віктара Фёдаравіча даволі шырокае. У яго кампетэнцыю ўваходзіць дыягностыка і лячэнне гінекалагічных захворванняў кароў і цялушак. З улікам пагалоўя на МТК нагрузка ў ветурача даволі адчувальная. Але з задачай Флар’яновіч спраўляецца, бо добра ўсведамляе, што толькі ад здаровай жывёліны можна мець высокую прадуктыўнасць.
Верасніцкая малочнатаварная ферма ўваходзіць у лік лепшых структурных падраздзяленняў жывёлагадоўчай галіны ААТ. Трымае ж высокую марку яна дзякуючы прафесіяналізму кадраў і іх старанню.
— У нас няма дрэнных работнікаў, — зазначае брыгадзір МТФ Надзея Вашкова, — кожны ведае свае абавязкі і выконвае іх належна. Таму і паказчыкі маем стабільныя, і прырост адпаведны.
Спецыяліст пазнаёміла нас з жывёлаводам Аляксеем Вячоркам і аператарам машыннага даення Марынай Самуйловіч. Зрабіла гэта невыпадкова, а, каб паказаць, як узаемадзеянне розных работнікаў станоўча адбіваецца на вытворчых працэсах.
Аляксей Рыгоравіч сваім стараннем стварае, так бы мовіць, аснову для надояў. Ён сочыць за ўмовамі ўтрымання кароў, парадкам у памяшканні, каб у жывёлы заўсёды быў корм, вада і мінеральныя дабаўкі. Марына Самайловіч, вобразна кажучы, у даільным зале ацэньвае высілкі калегі. Хаця тэхналогія даення і для аператара прадугледжвае нямала патрабаванняў. Марына Уладзіміраўна асвоіла іх грунтоўна. За змену яна тройчы абслугоўвае па дзвесце кароў, якія радуюць жывёлавода высокай аддачай. Разам з калегай яны надойваюць сем тон малака самай высокай якасці. Дарэчы, на ферме маюцца не толькі добрыя ўмовы для вытворчасці, але і наладжаны належны быт.
За прафесіяналізм і дбайныя адносіны згаданыя работнікі неаднойчы атрымлівалі заахвочванні.
Акцыянернае таварыства “Тураўшчына” не толькі вырошчвае агародніну і садавіну, але і паспяхова яе перапрацоўвае. Гэтым заняты калектыў філіяла “Тураўскі кансервавы камбінат”.
Канечне, гарачыя дзянькі, калі вытворчасць працавала бесперапынна, ужо адышлі. Але і зараз спецыялісты прадпрыемства не сядзяць без справы. Іх высілкі сканцэнтраваны на падрыхтоўцы вырабленай прадукцыі да рэалізацыі. Для гэтага штодня праз лінію ўпакоўкі прапускаецца па 25 тысяч слоікаў розных кансерваў.
— Стараемся, каб спажыўцы атрымалі толькі якасны тавар, — гаворыць інжынер-тэхнолаг Анастасія Лісіцкая, якая на спецыяльнай машыне па-майстэрску “спавівае” слоікі ў поліэтыленавую ўпакоўку.
Анастасія Мікалаеўна на Тураўскім кансервавымм камбінаце два гады. Прыйшла сюды пасля заканчэння Магілёўскага ўніверсітэта харчавання. Калі працуе вытворчасць, яна сочыць, каб не дапускалася парушэнняў тэхналогіі. Зараз, у час вымушанага перапынку, дапамагае калегам. Па словах маладога спецыяліста, калектыў добра папрацаваў і вырабіў дастатковую колькасць прадукцыі, якую з ахвотай бяруць спажыўцы.
— Бізнэс-план свой выканалі, — падтрымлівае Анастасію начальнік вытворчасці Алена Арлянін, – у параўнанні з леташнім атрымалі, няхай і нязначны, але прырост. Ды і рэалізацыя ідзе паспяхова. Наш тавар разыходзіцца не толькі па ўсёй краіне. Пяць працэнтаў з адпушчанага аб’ёму паступіла і на рынак Расійскай Федэрацыі. Канечне, год яшчэ не закончыўся, таму ёсць час для пераўтварэння некаторых планаў.
Марыну Макарэвіч перадавіком лічаць не толькі на Азяранскай МТФ, але і ва ўсім таварыстве. Цялятніца пастаянна дэманструе высокія прывагі.
Кожны са ста гадаванцаў Марыі Уладзіміраўны прыбаўляе штосуткі амаль па васямсот грамаў. Стаж у жанчыны на гэтым участку чатыры гады, але за сваю стараннасць і ініцыятыўнасць яна па праву заслужыла пашану ў калег. Брыгадзір структурнага падраздзялення Сяргей Мінчук, які, дарэчы, асабіста прайшоў усе ступені кар’ернай лесвіцы жывёлавода, вельмі задаволены такой самааддачай даглядчыцы:
— На ферму ў апошні час прыйшлі па-сапраўднаму адказныя спецыялісты. Яны хутка набіраюцца вопыту і ўносяць важкі ўклад у агульную справу, як, напрыклад, лабарант Таццяна Паўленка. Безумоўна, ёсць у калектыве і старажылы. Тэхнік-асемянатар Сяргей Якубоўскі годна падтрымлівае славу дынастыі жывёлаводаў.
Так, менавіта на сплаве маладосці і вопыту грунтуюцца дасягненні самай буйной гаспадаркі раёна, якая ўпэўнена глядзіць у заўтрашні дзень.
Мовай лічбаў
У гаспадарцы сабралі 610 тон рапсу, 13578 збажыны, 1100 бульбы, 3776 агародніны і 336 садавіны. На зімоўку грамадскаму статку назапасілі 2537 тон сена, 2275 сенажу, 52148 сіласу. Палепшылі справы і ў жывёлагадоўлі. Надой на карову склаў 4980 кілаграмаў, а валавы 16438 тон. Атрымана 1427 тон мяса. Рэалізавана 547 тон рапсу, 5155 зерня, 14696 малака, 1099 мяса. На ўласнай перапрацоўчай вытворчасці выраблена 7688 тысяч умоўных слоікаў кансерваў.
Сяргей БЕЛКА,
фота Дзіяны Чорнай