Валанцёрская дапамога птушкам

Навошта касіць пойму?

Амаль усе выхадныя кастрычніка на лузе ля Турава не змаўкаў гул. Добраахвотнікі чысцілі тэрыторыю заказніка ад кустоўя і івавых дрэў, тым самым ствараючы спрыяльныя ўмовы для гнездавання птушак, якімі славіцца гэты куток Палесся.

Яшчэ гадоў дваццаць таму такой неабходнасці не было, расліннасць “кантралявала” свойская і калгасная жывёла, што выпасалася на поплаве. Сёння ж, па сцвярджэнню Паўла Пінчука, кіраўніка станцыі кальцавання “Тураў”, без чалавечага ўдзелу не абысціся: “Ад Мазыра да Пінска на Прыпяці адкрытым месцам застаецца практычна адзін “Тураўскі луг”.

Яго ўборка стала штогадовай акцыяй грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. І сёлета да яе далучылася нямала жадаючых. Валанцёры на працягу трох субот і нядзель запар працавалі на двух лакацыях – у заказніку і на лугах вёскі Запясочча, якія плануецца далучыць да яго. А ў першы дзень адбылося знаёмства з работай па кальцаванню пеначкі-цянькоўкі і самага маленькага прадстаўніка арніталогіі – жоўтагаловага каралька.

Старшыня раённага аддзялення ГА “АПБ” Анастасія Блоцкая з удзячнасцю адзначыла памагатых, у ліку якіх былі старшыня Тураўскага гарадского выканаўчага камітэта Ігар Міцюрыч, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іван Свежынец, супрацоўнікі НПС “Тураў”, Палесскага лясгаса, шматлікія валанцёры АПБ з іншых гарадоў. Старанні эколагаў-аматараў будучай вясной абавязкова ацэняць вярнуўшыеся на радзіму з выраю пярнатыя.

Святлана ШАКАЛЯН

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.