Рэцэпт вясковага доктара
Да Хваенскай амбулаторыі ніколі не зарастала сцежка. З прыходам жа бяды пад назвай “каронавірус” трафік стаў яшчэ больш актыўным. Мясцовы ўрач і па сумяшчальніцтву кіраўнік установы Павел Купрыяновіч на складанасці не наракае, лаканічна заўважаючы, што такая ў яго праца.
Рэцэпт вясковага доктара
Да Хваенскай амбулаторыі ніколі не зарастала сцежка. З прыходам жа бяды пад назвай “каронавірус” трафік стаў яшчэ больш актыўным. Мясцовы ўрач і па сумяшчальніцтву кіраўнік установы Павел Купрыяновіч на складанасці не наракае, лаканічна заўважаючы, што такая ў яго праца.
Павел Паўлавіч адказвае за здароўе жыхароў 12 вёсак. Зона яго абслугоўвання: ад Пагоста да Хлупіна. За час, што працуе, паспеў пазнаёміцца амаль з кожным падапечным і заваяваць аўтарытэт насельніцтва. Гэта ў гарадской паліклініцы — вузкія спецыялісты, тут жа ўрач агульнай практыкі адзін на ўсе хваробы. Ён і педыятр, і хірург, і лор, а зараз яшчэ і інфекцыяніст. Шматпрофільнасць падкарэкціраваў COVID, павялічыўшы і без таго немалую прафесійную нагрузку доктара.
— Іншы дзень прыходзіцца абслугоўваць па 60 пацыентаў, — развітаўшыся з чарговым наведвальнікам, без геройства заўважае Павел Паўлавіч. — З улікам адлегласці многа часу забіраюць выклікі і планавыя візіты да людзей, якія з лёгкай формай каронавіруса лечацца дома ці працягваюць тэрапію пасля стацыянара, пад кантролем таксама і кантактныя асобы. На гэтым фоне не перасталі турбаваць народ і другія непаладкі ў арганізме. Але на прыём з такой нагоды радзей прыходзяць, больш тэлефанаваць сталі.
Амбулаторыя працуе ў ранейшым рэжыме, зразумела, з улікам усіх эпідэмічных патрабаванняў. Не зачынялі пакуль і дзённы стацыянар, хаця людзі сталі больш перасцярагацца. Паўлу Купрыяновічу прыходзіцца быць не толькі тэрапеўтам, а і псіхолагам, заспакойваючы лёгкіх на паніку людзей. І ўсіх без выключэння пераконваць у неабходнасці прытрымлівацца прафілактыкі.
— Рады, што мы нікога не страцілі, — вочы субяседніка над маскаю цяплеюць. — У першую хвалю некалькі чалавек паспяхова пралячыліся ў Гомелі. Моладзь звычайна лягчэй пераносіць каронавірус, але і пенсіянеры нашыя малайцы. Нядаўна з раённага стацыянара вярнуўся 86-гадовы Міхаіл Леанідавіч, а яго равесніца Ганна Уладзіміраўна адолела вірус у лёгкай форме без шпіталізацыі.
У барацьбу з каварнай заразай наш медык уступіў вясной, тады на месяц яго камандзіравалі на дапамогу жыткавіцкім калегам. Прызнаецца, што вялікага страху за ўласнае здароўе не было. Між тым, няведамая хвароба не абышла і самога ўрача, які тры тыдні правёў на бальнічным з віруснай пнеўманіяй. Станоўчы тэст на COVID быў і ў малодшага дзіцяці, але, дзякуй богу, абышлося.
Для адпачынку ў хваенскага доктара толькі адзіны дзень на тыдні — нядзеля. Але і ў вольны час ён не выходзіць, так бы мовіць, з ролі.
— Калі чалавеку тэрмінова патрабуецца дапамога, як адмовіш? — тлумачыць сваю прысутнасць на сувязі Павел Паўлавіч. — Упэўнены, пакрысе ўсё наладзіцца, галоўнае, ні ў якім разе не губляць аптымізму і разумнай абачлівасці.
Святлана Шакалян