Да зямлі – толькі па-гаспадарску

Даўно адышла ў гісторыю фігура продка з архаічным аршынам-цыркулем, якім мералі плошчу палеткаў. Але ж пытанні землекарыстання і ў сучасным грамадстве не губляюць сваёй актуальнасці. Пра новыя тэхналогіі, памежныя спрэчкі і гаспадарскія адносіны да “карміліцы” напярэ-дадні прафесійнага свята расказала начальнік аддзела зем-леўпарадкавання  райвыканкама Ганна МІХЕЕНКА.

— Ганна Аляксандраўна, не ўсе ведаюць, якімі паўнамоцтвамі надзелена ваша структура. Нагадайце, калі ласка, асноўныя напрамкі дзейнасці.

— Яны даволі шырокія: ад прадастаўлення юрыдычным і фізічным асобам участкаў для розных патрэб і змянення іх межаў да кантролю за выкарыстаннем земляў і праверкі выканання заканадаўства. Вялікі аб’ём работы таксама звязаны з вядзеннем неабходнай землеўпарадкавальнай дакументацыі.

— Да зямлі павінен быць гаспадарскі руплівы падыход.

— Так, гэта сёння найгалоўнейшае патрабаванне. На жаль, яму падпарадкоўваюцца не ўсе. Большая частка парушэнняў, якія выяўляе наша служба, тычацца неналежнага догляду грамадзянамі за сваімі ўчасткамі. Дзевяноста працэнтаў прадпісанняў – за зарастанне пустазеллем. Калі чалавек пасля атрымання папярэджання не прымае мераў, прыходзіцца складаць адміністацыйны матэрыял. Дарэчы, летась было выпісана 27 пратаколаў.

— Неяк выпала асвятляць тэму суседскага канфлікту з-за 20 сантыметраў дваравой тэрыторыі. У вашай практыцы, мяркую, такіх прыкладаў нямала…

— Устанаўленне межаў на ўчастку — адна з самых папулярных тэм зваротаў. Спрэчкі паміж людзьмі наконт гэтага разгараюцца нежартоўныя. Не заўжды згаджаюцца некаторыя і з рашэннем аб тым, што нельга выдзяліць участак там, дзе хоча заяўнік. Пераконваем, аргументуем, тлумачым заканадаўства.

— На змену колішнім тэхналогіям прыходзяць новыя. Вашы галоўныя інструменты?

— Для абмеру ўчасткаў, напрыклад, выдзяляемых пад агародніцтва, сёння выкарыстоўваецца электронная рулетка. Практычна сышлі ў нябыт папяровыя карты. Бачыць кожны метр зямлі дапамагае праграма “Геапартал зямельна-інфармацыйная сістэма”.

— Як выглядае наша служба на фоне вобласці?

— Напрыклад, летась нам удалося выручыць за продаж праз аўкцыён сямі зямельных участкаў грамадска-дзелавога назначэння амаль 174 тысячы рублёў. Гэта сума ў разліку на 10 тысяч жыхароў стала найвышэйшай у вобласці. А наогул па паказчыках дзейнасці Жыткавічы трымаюцца на дзясятай пазіцыі, у залатой сярэдзіне. Ёсць куды расці.

— Раскажыце пра свой калектыў.

— Нас пяцёра. Мой намеснік Андрэй Доваль і спецыялісты Ірына Прошчанка, Ірына Нікіціна і Марына Жукоўская. Лічу, што з абавязкамі спраўляемся няблага, прафесіяналізму хапае. Пры неабходнасці заўжды знаходзім падтрымку калег з іншых раёнаў.

— Ганна Аляксандраўна, на развітанне што б пажадалі земле-карыстальнікам?

— Каб выкарыстоўвалі свае ўчасткі па мэтаваму прызначэнню, падтрымлівалі на іх парадак, каб суседзі сябравалі і ў кожнага гаспадара былі своечасова аформлены землеўпарадкавальныя дакументы. А мы са свайго боку будзем старацца дапамагаць жыхарам раёна ў межах сваёй кампетэнцыі.

Святлана ШАКАЛЯН

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.