Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі

Воіны-інтэрнацыяналісты служылі не толькі ў Афганістане

Жыхар Хвойкі Уладзімір Чэркас выканаў вайсковы абавязак у Егіпце да канца.

У вёсцы Мікалая Чэркаса паважалі. Што ні кажы, а быў ён чалавекам гаспадарлівым, таму невыпадкова займаў брыгадзірскую пасаду.

Працавітасцю вызначалася і жонка. Разам нямала часу аддавалі сельгасвытворчасці.  У шматдзетнай сям’і старэйшыя пастаянна няньчылі малодшых.  Першынец Валодзька заўсёды бавіў час з маленькай сястрычкай Волькай, сёмым дзіцяці ў бацькоў. Дагэтуль у яе засталіся самыя цёплыя ўспаміны:

– Ён жа вырасціў мяне, хаця яму хацелася з хлапчукамі пабегаць. Брат у нас вельмі адказным быў, добрым, вясёлым, з ім заўсёды было цікава і спакойна. У школе вучыўся выдатна, меў каліграфічны почырк. На жаль, толькі і атрымаў сярэднюю адукацыю, хаця марыў стаць лётчыкам. Мы яшчэ жартавалі: “Які ж ты лётчык, калі гусакоў баішся”. Вучыцца вырашыў пасля арміі, а да яе пайшоў працаваць у меліярацыю. Усё ж беднавата жылі і радаваліся кожнай капейчыне.

У войска праводзілі Валодзю Чэркаса па традыцыі ўсёй вёскай. Радаваліся, што служыць выпала непадалёку, пад Барысавам, у Печах, у зенітна-ракетных войсках. Маці з бацькам час ад часу наведвалі свайго салдата, вазілі гасцінцы. А яму вельмі хацелася дадому, аб чым Уладзімір пастаянна пісаў радні ў лістах, у якіх узгадваў цывільнае жыццё.

Пасля вучэбкі армейскія будні занеслі яго ў Палангу, дзе ў часці грунтоўна рыхтавалі зенітчыкаў да вайны ў далёкім Егіпце. У ваенным канфлікце, які надарыўся ў сямідзесятых гадах, Савецкі Саюз дапамагаў гэтай краіне ў барацьбе з ізраільцянамі.  СССР пастаўляў тамашняму ўраду не толькі ўзбраенне і боепрыпасы, але і накіроўваў вайсковаслужбоўцаў, якія абслугоўвалі тэхніку, ахоўвалі стратэгічныя аб’екты. Нашаму земляку разам з таварышамі давялося абараняць егіпецкае неба  ад  самалётаў праціўніка.   Хаця многае і было засакрэчана, але з чужыны ад Уладзіміра не пераставалі  ісці лісты ў палескую вёсачку. Сваякоў уражвала незвычайнасць і арыгінальнасць афармлення паштовак, яркасць малюнкаў. Такіх картак тады ў Саюзе не было.

Служба ў салдата кацілася да дэмабілізацыі. Ён ужо пісаў маці, што купіў новы чамадан, напакаваў яго рознымі сувенірамі, а яшчэ набыў прыгожы гарнітур і ў снах бачыць, як прагульваецца ў ім па роднай  вуліцы з каханай дзяўчынай. Толькі не спраўдзіўся гэты светлы сон аб мірным жыцці. Ды і сам адпраўшчык «дабраўся» дадому на дзень раней, чым адасланая з афрыканскай краіны вестка.

– Гэта сталася ў пачатку лістапада 1970 года. Яго на грузавіку з Вільнюса прывезлі. Дамавіну суправаджаў капітан, ён і расказаў, як здарылася няшчасце, – з хваляваннем расказвае сястра Вольга. – Уладзімір стаяў на пасту. Тады ў размяшчэнне савецкіх войскаў пачалі падкідваць выбухоўкі, замаскіраваныя пад розныя прадметы побыту. Брат падабраў звычайны  карабок з-пад запалак, каб выкінуць яго ў сметніцу, але  то была міна. Яна ўзарвалася ў руках, скалечыўшы да непазнавальнасці.

Усю ноч у хаце Чэркасаў заходзілася ад плачу маці. Бацька пасівеў ад гора. Не знаходзіў сабе месца і капітан, які прывёз такую трагічную вестку. Ён то блукаў па вуліцы, то вяртаўся за стол. Калі ж назаўтра бацькі папрасілі афіцэра адчыніць дамавіну, каб пераканацца, што ў ёй сапраўды іх сын, той насуперак загаду пайшоў на саступку. Уласнаручна малатком і зубілам разбіў цынкавую скрыню. Радня анямела ад жаху, бо ў труне ляжалі толькі рэшткі Уладзіміра. На іх маці і знайшла радзімы значок, пасля чаго толькі і здолела вымавіць: “Сапраўды, гэта наш Валодзька!”. Перад тым, як закрыць труну, туды паклалі той самы замежны гарнітур і сарочку.

Хавалі воіна-інтэрнацыяналіста Уладзіміра Чэркаса, як сапраўднага і мужнага патрыёта, з ганаровым каравулам, лаўровымі вянкамі і салютам. Развітацца з ім прыйшлі амаль усе жыхары навакольных вёсак, прадстаўнікі раённай улады. І цяпер не зарастае сцежка да магілы салдата. Кіраўніцтва мясцовага Савета, вучні Дзякавіцкай школы пастаянна добраўпарадкоўваюць месца пахавання, узялі яго пад ахову. А ў Дзень воінаў-інтэрнацыяналістаў абавязкова ўшаноўваюць памяць пра земляка жывымі кветкамі.

Савецкія ваенаслужачыя ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Афганістана, Карэі, Алжыра, Егіпта, Йемена, В’етнама, Сірыі, Анголы, Мазамбіка, Эфіопіі, Кубе і іншых краін.

 

Сяргей БЕЛКА

Фота Марыны Мацукевіч

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.