Цікавая экскурсія на палігон

Па асабліваму адзначылі Дзень абаронцы Айчыны

Свята традыцыйна адзначаецца ў ДУА «Хільчыцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа». Нам, вучням, пашанцавала ў тым сэнсе, што непадалёк ад нашай вёскі, у суседніх Бярэжцах, знаходзіцца ваенны палігон, на якім на планавыя ваенныя вучэнні кожны год прыязджаюць вайскоўцы.

У лютым там знаходзілася частка ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Мы не маглі не выкарыстаць гэты выпадак, каб не адправіцца да іх на экскурсію, якраз у дзень свята Дня абаронцы Айчыны. Амаль усе старшакласнікі, а таксама настаўнікі выказалі жаданне пабываць у гасцях у сапраўдных салдат.

Яны сустрэлі нас радасна, прыветна. Камандзір расказаў аб прызначэнні свайго батальёна, спецыфіцы яго работы, асаблівасцях службы. Потым ён павёў нас у распалажэнне часці, паказаў, як жывуць салдаты ў палявых умовах. Вельмі цікавай была, канечне ж, ваенная тэхніка, а таксама радыёлакацыйная станцыя. І хлопчыкі, і дзяўчынкі пакаталіся на сапраўдных ваенных машынах. А з якім задавальненнем і дзеці, і дарослыя елі салдацкую кашу! Пасля смачнага абеду ваенныя паказалі нам сваю лазню, паходную кухню, спальныя месцы, правялі агульную экскурсію па распалажэнню часці і зрабілі некалькі фатаграфій на памяць. Перад ад’ездам дырэктар школы А. Дзербянёва камандзіру ўручыла памятныя сувеніры і падарункі, зробленыя ўмелымі рукамі вучняў і настаўнікаў.

І хлопчыкам, і дзяўчынкам гэтая экскурсія вельмі спадабалася. Эмоцыі проста зашкальвалі. Лічу, што такія мерапрыемствы закладваюць у душах падлеткаў зярняты патрыятызму, пачуцця абавязку перад Радзімай. Многія са старшакласнікаў, якія будуць служыць у арміі, прыйшлі да вываду, што гатовы стаць салдатамі, пры неабходнасці ўзяць у рукі зброю для абароны нашай Радзімы, а таксама родных і блізкіх людзей.

Марыя Сулкоўская,

вучаніца 11 класа

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.