Сяўбу не спыняюць
Зацяжныя халады накладваюць адбітак на працу аграрыяў на палях. У КСУПе “Бялёў” гэтай акалічнасці супрацьпастаўляюць арганізаванасць і манеўранасць. Таму і вынік маюць.
Як расказаў кіраўнік сельгаспрадпрыемства Аляксандр Талмачовец, у гаспадарцы ўжо пасеялі 38 гектараў аўса. Калі ж пацяплее, заштукуюць на паўсотні гектарах трыцікале. А там прыйдзе і чарга зернебабовых.
– Плошчы невялікія, – дзеліцца планамі Аляксандр Леанідавіч, – таму ўправімся ў вызначаныя тэрміны. Тым больш што на гэтым участку задзейнічаны вопытны механізатар Леанід Чарнагалоў. Ды і ў Максіма Савіча, які робіць перадпасяўную апрацоўку глебы, таксама не першая веснавая кампанія за плячыма.
Зараз асноўныя высілкі засяроджаны на падкормках азімых. Справа пайшла значна весялей, калі ўзялі ў суседняй гаспадарцы спецыялізаваную машыну РАСа. Яе адрамантавалі і даверылі Анатолю Макарэвічу. Цяпер мінеральныя ўгнаенні раўнамерна паступаюць раслінам і на ўзвышаных і на нізінных палях.
Добра спрацавалі бялёўскія механізатары і па ўнясенні на загоны арганікі. Яе глеба атрымала 11600 тон. Гной адразу ж заворваецца. Агратэхнічны прыём выкананы на 200 гектарах. Аб’ём асілілі Фёдар Струк, Аляксандр Брынявец і Леанід Чарнагалоў. Сёлета на гэтых плошчах размесцяць кукурузу і бульбу. Відавочна, што ў КСУПе «Бялёў» палявыя работы з кожным днём набіраюць большы разгон.
Сяргей БЕЛКА