Так крышталізуецца талент

На інтэлектуальным небасхіле заззяла новая зорачка. Гімназістка Ксенія Валатоўская атрымала дыплом ІІІ ступені заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па хіміі

Гэты прадмет девяцікласніца, дасведчаная, дарэчы, ва ўсіх дысцыплінах школьнага курсу, пачала асабліва вылучаць у раскладзе ўсяго з год таму, за такі непрацяглы час здолеўшы дабіцца значных вынікаў. Вучаніца не хавае, што інтарэс да яго праявіўся не без уплыву мамы, Ірыны Міхайлаўны, якая выкладае хімію ў гімназіі. Але ж пры адсутнасці імкнення да ведаў і высокай матываванасці самой Ксеніі, зразумела, нічога б не атрымалася.

– Тут мала проста вывучыць тэрміны і формулы, – тлумачыць сваю прадметную схільнасць дзяўчына, – трэба ўмець прымяніць іх пры рашэнні задач, а праводзячы вопыты, да ўсяго яшчэ быць дакладным і акуратным у маніпуляцыях. Навука падобна на бязмежны акіян: чым больш пазнаеш, тым цікавей становіцца. Паглыбляючыся ў падручнікі, іншы раз адчуваеш сябе сапраўдным першаадкрывальнікам. Мне падабаецца ўзбагачацца новай інфармацыяй. Эйфарыю ад таго, што знайшоў адказ у заданні, цяжка апісаць, гэта суцэльная радасць і шчасце…

Дэбютантка прэстыжнейшых айчынных спаборніцтваў сваім поспехам аб’ектыўна задаволена, з усмешкай прызнаючыся, што па дзесяцібальнай шкале вылажылася на адзінаццаць. Алімпіядная хімія – праграма не дзявятага класа, і нават не ўсёй школы, гэта аб’ём 1-2 курса ВНУ. Не, ёй зусім не шкада патрачанага часу. Хіба можа стамляць тое, што прыносіць задавальненне? Напярэдадні іспытаў Ксенія штудзіравала розныя зборнікі задач, шмат чытала самастойна, займалася з настаўнікам. Удзячна яна і абласным трэнерам, што рыхтавалі зборную Гомельшчыны, а яшчэ сваім сапернікам па камандзе, з якімі склаліся зусім не канкурэнтныя, а прадукцыйныя стасункі.

– У тэарэтычнай частцы сумарнай працягласцю пяць гадзін спачатку трэба было выканаць тэст, які ўключае 20 пытанняў, – прыадчыніла завесу алімпіяднай кухні гімназістка. – На гэта адводзілася роўна 45 хвілін. Потым удзельнікам прапанавалі пяць задач, ды няпростых, у кожнай з іх было «прыхавана» яшчэ некалькі заданняў. У другі дзень чакаў практычны экзамен, справіцца з ім патрэбна было за тры з паловай гадзіны. Напрыклад, зрабіць якасны аналіз рэчыва альбо цытраванне і г.д. Які тур больш падабаўся? Абодва пакінулі мора ўражанняў і далі новы вопыт.

Паспрабаваўшы смак перамогі, Ксенія Валатоўская не збіраецца збочваць з інтэлектуальнага шляху. А вось ці застанецца хімія ў ліку адзіных яе прыярытэтаў, пакажа час. Да атэстата – два гады, а вакол яшчэ столькі нязведаных гарызонтаў.

Хімічны слоўнік: 

бліц-апытанне

– Каталізатар інтарэсу да прадмета?

– Жаданне больш ведаць, пашыраючы кругазор у галіне прыродазнаўства і матэрыі.

– Канцэнтрацыя алім-піядных эмоцый?

– Перанасычаным атрымаўся іх раствор.

– Рэакцыя блізкіх?

– Бурная. Віншаванняў было шмат.

– Лакмус паспяховасці?

– Настойлівасць, упэўне-насць ва ўласных сілах і ўменне самаарганізавацца.

 

Святлана Шакалян

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.