Без цяляткі не будзе і маткі

Каб пазбегнуць траўматызму кароў у дарослым узросце, на стадыі маладняка спецыяльным прыстасаваннем ім выдаляюць рогі. Сёння на кожнай ферме раёна маецца мікраскоп, а дыягнасціраваць рэпрадукцыйныя органы каровы дапамагае ўльтрагукавы апарат.

Такія рэчы, яшчэ з дзясятак гадоў таму здаваўшыеся фантастыкай, зараз будзённая звычайнасць. З мэтай абнаўлення ведаў па ўзнаўленню статка БРЖ вобласць ініцыявала правядзенне ў кожным раёне вучэбных семінараў для аператараў па штучнаму асемяненню сельгасжывёл. Наш рэгіён стаў адным з апошніх, дзе спецыялісты ўпраўлення ветэрынарыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама і РСУП  “Гомельдзяржплемпрадпрыемства” давалі майстар-класы. У якасці арганізатараў таксама значыліся кіраўнікі і супрацоўнікі раённых філіялаў указанных структур, ветлячэбніцы, а з гаспадарак, акрамя асемянатараў, прысутнічалі галоўныя заатэхнікі і ветурачы.

Трэніровачнай пляцоўкаю для “навучэнцаў”, ад якіх у многім залежыць эфектыўнасць жывёлаводчай галіны, стаў МТК “Казаргаць-2” ААТ “Тураўшчына”, гасцінна прыняўшы мерапрыемства. Расклад семінара ўтрымліваў нямала вузкапрофільных тэм, ахопліваючых усю тэхналогію атрымання прыплоду, з акцэнтам на лячэнне і прафілактыку гінекалагічных захворванняў дойнага пагалоўя і ўласна саму работу па штучнаму асемяненню кароў. Прычым, толькі тэорыяй не абмяжоўваліся, было багата і практычных досведаў. Па водгуках удзельнікаў, такое навучанне заўжды карысна, бо дазваляе і ўласны багаж актуальнай інфармацыяй папоўніць, і з калегамі многае абмеркаваць.

Па выніках вучобы начальнік аддзела па племянной рабоце Гомельдзяржплемпрадпрыемства Яўген Аўчыннікаў уручыў кожнаму аператару імянны сертыфікат аб павышэнні кваліфікацыі. А некаторыя атрымалі яшчэ і  падзяку за шматгадовую добрасумленную працу. У прыватнасці, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Радавец адзначыў такімі ўзнагародамі і невялікімі падарункамі асемянатараў Алену Леўкавец (МТК “Старажоўцы” ААТ “Тураўшчына”) і Міхаіла Рагалевіча (МТК “Сяменча” КСУП “Чырвоны Бор”).

Цытата

Валянціна Гуд,

начальнік Жыткавіцкага

філіяла РСУП «Гомель-

дзяржплемпрадпрыемства»:

— Па ўзнаўленню пагалоўя Жыткаўшчына трымаецца ў залатой сярэдзіне. Аналіз паказчыкаў сведчыць пра станоўчую дынаміку галіны. Так, за чатыры месяцы бягучага года ў разліку на сто кароў атрымана 23 цяляці, а на сотню галоў дойнага статку маецца 147 цёлак. Лічу, гэта неблагі патэнцыял для далейшага развіцця жывёлагадоўлі. І заслуга тут агульная. Зразумела, поспех залежыць ад скаардынаванасці работы ўсёй нашай службы у цэлым і кожнага яе спецыяліста паасобку. А цэнтральнай фігурай, безумоўна, застаюцца асемянатары. Дарэчы, сёння ў гаспадарках іх працуе 24.

Святлана Шакалян

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.