Коленскія хлебаробы штодня нарошчваюць тэмпы ўборкі каласавых

Па апошніх дадзеных райсельгасхарчу ў гаспадарцы ўжо абмалацілі збажыну на 325 гектарах з наяўных 1417 і сабралі 400 тон збажыны. Паспяховай рабоце на хлебнай ніве спрыяе добрая арганізаванасць і стараннасць мясцовых працаўнікоў.

Механізатары Мікалай Жук, Станіслаў Козел, Рыгор Шляга, Канстанцін Козел, Мікалай Хільман, Анатоль Кіслюк, Мікалай Дамарад, а таксама вадзіцелі Сяргей кароткі, Аляксандр Трафімовіч і Міхаіл Жыткавец — гэта тыя людзі, ад зладжанай дзейнасці якіх сёння залежыць лёс ураджаю. У дзень наведвання сельгаспрадпрыемства камбайнеры працавалі ў структурным аддзяленні “Грабянёўскае”.  Шэсць экіпажаў “стэпавых караблёў” дружна і бесперапынна пад корань падразалі жытнія сцябліны з каласамі. Спыняліся агрэгаты толькі з адной мэтай, каб выгрузіць напоўненыя бункеры. Менавіта ў такі момант удалося пагутарыць з вопытнейшым механізатарам Мікалаем Жуком.

— Настрой цудоўны, адно толькі засмучае, што “нябесная канцылярыя” надта скупая была на ападкі. Таму падчас наліву зярнят сонца значна падпаліла культуры на палетках. Адпаведна і ўраджайнасць невысокая. Тым большая адказнасць кладзецца на нашы плечы, каб вырашчанае ўбраць  з мінімальнымі стратамі.

У доказ уласных слоў Мікалай Аркадзьевіч, закончыўшы выгрузку,  упэўнена і без прамаруджвання павёў свой уборачны агрэгат у чарговую загонку. Больш словаахвотлівым аказаўся вадзіцель Сяргей Кароткі:

— Восьмае маё жніво, але не прыпомню, каб так спякота даймала.  Усё ж працаваць патрэбна, столькі сіл прыкладзена, каб вырасціць ураджай. І цяпер спасаваць перад капрызамі надвор’я недапушчальна, хаця і нялёгка даводзіцца ў раскаленых кабінах машын. Каб рухавікі камбайнаў не пераграваліся, усе паадкрывалі люкі у адсеках, каб лепей ахалоджваўся метал.

Сапраўды, коленскія хлебаробы праяўляюць у гэтыя дні ўзор адданасці справе. У чым няцяжка было пераканацца, пагутарыўшы з Рыгорам Шлягам. Зрабіць прыпынак у рабоце яго вымусіў старэнькі КЗС.

— Перагрэўся крыху. Што не кажы, а дванаццаць сязонаў адхадзіў. Праўда, пакуль не падводзіць, — характарызуе агрэгат Рыгор Генадзьевіч, пры гэтым хутка і прафесіянальна ўхіляе ўзнікшы недахоп.

Варта сказаць, што Шляга з патомных хлебаробаў. На гэтых землях не адно дзесяцігоддзе расціў і ўбіраў хлеб яго бацька. Сам Рыгор пайшоў у выратавальнікі, але земляробскай справы не цураецца.  Не адзін год на час жніва ён бярэ на асноўнай рабоце водпуск і садзіцца за штурвал камбайна.

— Спадзяюся, што мая дапамога землякам у такую гарачую пару лішняй не будзе, — адзначае Рыгор, — таму падводзіць не хочацца.

У гаспадарцы зроблена ўсё, каб  уборка праходзіла без збояў. На полі пастаянна дзяжурыць аўтацыстэрна з вадою на выпадак пазаштатнай сітуацыі, забяспечана неабходным супрацьпажарным інвентаром і іншая тэхніка. Удзельнікі прайшлі інструктажы па ахове працы, бо бяспецы людзей на вытворчасці кіраўніцтвам надаецца першаступеннае значэнне. Як і стварэнню належных бытавых умоў. Своечасова падвозяцца на палетак гарачыя абеды, халодная вада, абсталявана і лазня. Напярэдадні жніва акрэслены і ўмовы аплаты працы, а таксама дадатковага стымулявання  работнікаў.

Намалочанае зерне з палеткаў дастаўляецца на ток, дзе яно дапрацоўваецца да патрэбных кандыцый. Не марудзяць у КСУПе і з продажам збажыны дзяржаве. Машыны, гружаныя жытам, з гаспадаркі на элеватар адпраўляюцца штодня. Дзякуючы такой аператыўнасці коленскія земляробы ўжо засыпалі ў дзяржаўныя засекі 144 тоны хлеба пры даведзеным заданні 330 тон. І з гэтай галоўнай сялянскай запаведдзю мясцовыя працаўнікі мяркуюць справіцца паспяхова.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.