У садзе і на агародзе

Сярэдзіна лета — гэта той час, калі ўладальнікі ўласных надзелаў радуюцца вырашчанаму ўраджаю. Чым жа багатыя агароды жыхароў Жыткаўшчыны і нашых гасцей?

Наталля Бандзюк, г. Жыткавічы:

— На зямлі працую з маленства. І зараз таксама маю ладны ўчастак, больш як дваццаць сотак. Аддаю перавагу традыцыйнай агародніне, бульбе. Але гонарам свайго ўчастка лічу вялікі квятнік, на разбіўку якога патраціла не адзін год. На гэтай мясціне красуе шмат раслін, але самымі прывабнымі для мяне з’яўляюцца лілеі і ружы. Першых маецца два дзясяткі кустоў, а другіх — аж сорак. Прычым, самых розных гатункаў. Зразумела, сродкаў і сіл  давялося патраціць шмат . Толькі, калі выходзіш на падворак і ўдыхаеш гаючы кветкавы водар, любуешся разнастайнасцю фарбаў, пра затраты забываеш, бо сэрца заходзіцца ад радасці ад створанай табой прыгажосці.

Генадзь Лесько,агр. Бялёў:

— На маё меркаванне, няма дрэннай зямлі, а ёсць нядбайныя гаспадары, якія не прыкладваюць належнага старання, каб вырасціць добры ўраджай. Канечне, год на год не прыходзіцца, але наш агарод, у значнай ступені дзякуючы прыкладзеным намаганням жонкі квітнее з вясны да позняй восені. Што тычыцца ўраджаю, то яго збору хапае, каб не толькі пракарміць сябе, але і гаспадарку. У нас некалькі гадоў на градах атрымаўся своеасаблівы рэкорд — гарбузы выраслі па пяцьдзясят-семдзясят кілаграмаў. Здымак гэтага дасягнення ўласнага раслінаводства мы нават даслалі на рэдакцыйны конкурс, і ад кіраўніцтва “Новага Палесся” атрымалі прыз.

Ягор Баярчук, г. Магілёў:

— У бацькоў за горадам маецца дача. Там пасадзілі некалькі пладовых дрэўцаў і розных ягадных кустоў. Яны яшчэ маладыя і пакуль не пладаносяць. Ёсць і невялікія грады, парнічок, за якімі даглядаем усёй сям’ёй. Але гэта толькі для таго, каб разнастаіць на ўчастку свае заняткі. З улікам, што наш горад ад Жыткавічаў знаходзіцца намнога паўночней, пакуль удалося вырасціць толькі кабачкі і пацісоны. Цяпер у магазінах і на рынках можна купіць даволі шырокі асартымент агародніны і каштуе яна ў сезон не вельмі  дорага. Таму наведваемся на дачу, каб сумесна адпачываць, падыхаць свежым паветрам і схавацца ад  спёкі, якая сёлета проста невыносная.

Алег Лісавец, в. Туры:

— Сёлета з-за надвор’я не раз даводзілася ратаваць культуры на агародзе. Вырасціць ураджай дапамагае парнік, які раскінуўся на пяці сотках. У ім  агуркі, таматы, перцы. Дзякуючы цяплу прыжыліся на ўчастку і дыні. Першыя агуркі з’явіліся яшчэ ў маі. Зараз збіраем памідоры. Вырашчанага хапае, каб не толькі забяспечыць сям’ю вітаміннай прадукцыяй, але і зрабіць закаткі на зіму, а рэшту рэалізаваць на рынку. Садзім расліны таксама ў грунт. Ужо выбралі цыбулю, паціху рвем сталовыя буракі, збіраем ягады. Дарэчы, пра буракі. Нядаўна пасадзілі іх яшчэ адну граду, каб мець другі ўраджай. Гэта ж тычыцца і ўкропу. Спадзяюся, што і бульба парадуе.

Сяргей Белка

Фота аўтара і з архіву апытаных

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.