Наркотыкі – зло. Якім павінна быць пакаранне?
Жана Кучыц, г. Жыткавічы:
— Якім бы жорсткім ні было пакаранне, дзяржаўным органам справіцца з такой ганебнай заганай у адзіночку не па сілах. Таму змагацца з наркаманіяй патрэбна разам сям’і, грамадскасці, праваахоўнікам. Не выключаю і крымінальнай адказнасці, асабліва да тых, хто займаецца распаўсюджваннем наркотыкаў.
Васіль Куксік, г. Жыткавічы:
— Наркаман – гэта хворы чалавек. Значыць, ён павінен знаходзіцца ў спецыялізаванай установе і быць ізаляваным ад грамадства. На жаль, злачынствы на глебе ўжывання наркотыкаў нярэдкая з’ява ў краіне. Цяперашняе заканадаўства ў поўнай ступені прадугледжвае адказнасць за ўжыванне і распаўсюджванне наркотыкаў.
Васіль Каралец, г. Жыткавічы:
— Гэта – злачынства. І адказнасць павінна быць вельмі строгая. Хаця ў кожным выпадку пры прызначэннні пакарання неабходна ўлічваць усе абставіны ганебнага ўчынку. Калі малады чалавек свядома на людской бядзе зарабляе грошы, яму ніякага памякчэння.
Сяргей БЕЛКА
Фота з архіва апытваемых