Справа працавітых рук
У спецыялістаў службы вонкавых газаправодаў і збудаванняў на іх, унутрыдамавых газавых сістэм і абсталявання нямала клопатаў. На іх абслугоўванні знаходзіцца 1504 катлы і 262 праточныя воданагравальнікі. З пачатку бягучага года працаўнікі структурнага падраздзялення замянілі 416 адзінак газавага абсталявання, на 257 правялі дыягностыку і на 526 – поўнае тэхнічнае абслугоўванне. Таксама работнікі службы ажыццявілі пярвічны пуск газа ў 60-кватэрны жылы дом, 20 сядзіб даабсталявалі другім балонам. У штаце вытворчага ўчастка сем слесараў, майстар, кантралёр і начальнік. Высокае майстэрства кожнага з іх пацвярджаецца паспяховымі выступленнямі ў прафесійных конкурсах сярод работнікаў РВУ «Гомельаблгаз». Ужо некалькі гадоў запар брыгады жыткавіцкіх газавікоў уваходзяць у тройку лепшых сярод калег па адказнай справе.
Парадак у эканамічнай і фінансавай дзейнасці любога прадпрыемства ў значнай ступені залежыць ад зладжанасці ў рабоце і прафесіяналізму бухгалтараў і эканамістаў. У ВУ «Жыткавічыгаз» гэтая важная праца поўнасцю ўскладзена на жаночыя плечы. Прадстаўніцы, так бы мовіць, слабога полу паспяхова спраўляюцца з ускладзенымі на іх абавязкамі. Гэтаму садзейнічае і адпаведная адукацыя, і вопыт работы і, канечне ж, старанне, а таксама належная арганізацыя, з якімі галоўны бухгалтар Алена Купрыяновіч, яе намеснік Наталля Быкава, бухгалтары Людміла Таболіч, Людміла Кудзялінская, Анжэла Севярын і эканаміст Алена Капіца бяруцца за справу. Таму кожная фінансавая аперацыя, распрацоўка праграм заўсёды праводзяцца своечасова і беспамылкова.
Каму-каму, а ў ВУ «Жыткавічыгаз» асаблівая пашана заўсёды надавалася і аказваецца старажылам вытворчасці. У ліку такіх вадзіцель Мікалай Федарэнка, слесар па рамонту і абслугоўванні газавага абсталявання Іван Савасценя, механік па ўліку і транспарціроўцы газу Аляксандр Касцюк. У кожнага з іх свае абавязкі. Экіпаж у складзе Мікалая Леанідавіча і Івана Уладзіміравіча штодзённа развозіць спажыўцам балоны з блакітным палівам, пільна сочаць, каб у хатах вяскоўцаў былі спраўныя пліты. Работа клопатная. З раніцы да вечара яны калясяць па дарогах раёна, праязджаючы не адну сотню кіламетраў і пераносячы некалькі дзясяткаў балонаў. Таму Падзяка Міністра энергетыкі, якой напярэдадні прафесійнага свята ўзнагароджаны Мікалай Федарэнка з’яўляецца прамым сведчаннем адданасці абранай справе. Што не кажы, а ў газавай гаспадарцы раёна ён ужо тры дзясяткі гадоў. Крыху меншы стаж у Аляксандра Касцюка, але менавіта ён адказвае за тое, каб транспарт прадпрыемства пастаянна быў на хаду, каб работнікі бездакорна забяспечвалі спажыўцоў газам.
У ВУ «Жыткавічыгаз» на высокім узроўні не толькі вытворчыя паказчыкі, а і культурна-масавая і спартыўная работа. І ў апошнім адміністрацыі вялікую дапамогу аказвае прафкам, які ўзначальвае Юлія Аліфяровіч, чалавек надзвычай актыўны і ініцыятыўны. Таму ў спартыўных мерапрыемствах, аглядах-конкурсах і ў раёне, і ў вобласці жыткавіцкія газавікі не проста ўдзельнікі, але і пастаянныя прызёры, і пераможцы. Сакрэт, па меркаванні Юліі Уладзіміраўны, надзвычай просты – ва ўпраўленні склаўся даволі дзеяздольны актыў адзінадумцаў, якія, вобразна кажучы, лёгкія на пад’ём і здольныя адстойваць гонар арганізацыі на разнастайных мерапрыемствах. У ліку актывістаў грамадскага жыцця і кантралёр Ірына Лясько. Хаця і шчыруе ўсяго чатыры гады ў калектыве, але, акрамя сумленнага выканання асноўных вытворчых задач, яна імкнецца пастаянна быць у гушчыні грамадскага жыцця газавікоў, бо справядліва лічыць, што яно мацней знітоўвае працаўнікоў. А разам, як вядома, любая справа па плячы.