Жыткавіцкая СШ №3 адзначае юбілей

Гэта ўстанова даўно стала сінонімам якасці адукацыі і пляцоўкаю для ўкаранення розных інавацый, а яе няўрымслівага дырэктара добра ведаюць і па-за межамі раёна. Навошта школе Тік-Ток, колькі грошай патрэбна для шчасця і якая педагагічная задача важней за навучанне, — у перадсвяточным інтэрвью з Ганнай Друк.

— Ганна Кірылаўна, калектыў вы ўзначалілі праз два гады пасля гістарычнага першага званка, а наваселле сустракалі на пасадзе намесніка дырэктара. Тую лінейку нешта адрознівала?

— Праз вялікую колькасць арганізацыйных спраў падзея не пакінула ў памяці значнага следу. Прыгадваю, як напярэдадні настаўнікі збіралі мэблю ў пустых гулкіх кабінетах, а я зводзіла расклад заняткаў і размяркоўвала педнагрузку. Уявіце, у школе тады была адна друкавальная машынка, а сёння ў кожным класе стаіць кампьютар.

— Як адным словам можаце назваць трэцюю школу?

— Мурашнік. Мне падабаецца імгненне, калі мітусня і хаос пасля званка ператвараюцца ў стройны парадак: рыпіць мел па дошцы, у спартзале чуецца гук мяча, недзе іграе фартэпіяна… Пачынаецца ўрок.

— Змяніліся за 30 гадоў дзеці?

— І так, і не. Калі раней яны самасцвярждаліся на дыскатэцы, то сёння робяць гэта ў Інтэрнэце. І мы павінны следаваць сучасным тэндэнцыям, падтрымліваць любыя пазітыўныя ініцыятывы. Я кажу сваім завучам: калі гэта нельга адхіліць, то яго трэба ўзначаліць. Інстаграм асвоілі, цяпер працуем над прысутнасцю школы ў Тік-Токе. Не важна, што ў вучня на галаве — ружовыя валасы ці іракез, галоўнае, што ў яго душы, ці ёсць свет і дабрыня ў яго вачах?

— Ваша школа трывала займае верхнія радкі адукацыйнага рэйтынгу. Дзеля руху па шляху прагрэсу дзе вы бярэце сілы і натхненне?

— У сваіх вучнях, канечне. Калі бачыш сапраўдную любоў і давер дзяцей (а іх нельга падмануць, настаўніка яны адчуваюць тонка і безпамылкова), гэта матывуе да прафесійнага росту. Удзячна, што мае ідэі знаходзяць водгук у педкалектыву. Усе навацыі дыктуюцца часам і адукацыйнымі запытамі. Нярэдка мы апярэжваем міністэрскія рэкамендацыі, замацоўваючы ноў-хаў лакальнымі актамі ці статутам школы. Так, некалі першымі пачалі працаваць па прадметных кафедрах (цяпер метадычныя аб’яднанні), першымі адкрывалі профільныя класы, выпускнікі якіх паказвалі вынікі паступлення ў ВНУ (86%) на ўзроўні ліцэя БДУ. Паспяхова ўкаранілі факультатыў па выхаванню праваслаўнай культуры. Некалі ў нас нават былі перавадныя экзамены.

— Цёплыя сустрэчы выпускнікоў, Масленіца, Свята-Феадосьеўскія чытанні і іншыя святы даўно сталі візітоўкай СШ №3. Не толькі ўрокамі жывуць тут?

— Традыцыі мацуюць любы калектыў. Мы радыя, што яны прыжываюцца. З апошніх адзначу конкурс “Поспех года”, па выніках якога ўшаноўваем дзяцей, якія вызначыліся ў розных накірунках дзейнасці. У іх гонар — канцэрт, узнагароджванне, прызнанне. Цырымонію чакаюць, да яе рыхтуюцца. Зараз, напрыклад, новым зместам напаўняем формы работы з бацькамі. Звычайныя сходы з іх чыста інфармацыйнымі функцыямі аджылі. Тут на першы план павінна выйсці псіхолага-педагагічная служба школы, каб дапамагаць выхаванню станоўчага мікраклімату ў семьях.

— Калі б вы не мелі абмежавання ў фінансаванні, то на што патрацілі б сродкі? Ці вырашаюць усё грошы?

— Кадры вырашаюць усё. Дужа спачуваю тым людзям, якія выпадкова затрымаліся ў нелюбімай прафесіі, гэта горшая пакута. А што да грошай, то яны, вядома, заўжды не лішнія. Што б зрабілі? З відавочнага, скончылі б нарэшце рамонт фасада. Не адмовіліся б мы і ад тэхнічных сродкаў адукацыі, іншага абсталявання. А калі памарыць далей… Школе катастрафічна не хапае кабінетаў. Можна было б зрабіць корпус для малодшых вучняў з гульнявымі і спальнымі пакоямі. Для вырашэння гэтай праблемы ёсць яшчэ адно больш рацыянальнае рашэнне — пабудаваць у Азёрным новы сад, у які вывесці шасцігодак.

— Фраза “Пойдзеш да дырэктара” — страшны сон вучня, а магчыма і настаўніка. Як ўшчувае Ганна Кірылаўна?

— Часта да мяне прыходзяць самі — і дзеці, і педагогі. З людзьмі трэба размаўляць. Я стараюся зразумець матывы тых ці іншых учынкаў і дабіцца ўзаемнасці.

— Вобраз ідэальнага вучня. Якім ён вам бачыцца?

— У нас даўно распрацавана мадэль будучага выпускніка. Паводле яе школа павінна навучыць не толькі пісаць, чытаць і думаць, але і найперш захоўваць сябе — фізічна і маральна. Каб дзеці цанілі ўласнае жыццё. Развітваючыся, заўжды прашу рабят: у цяжкай сітуацыі, пра якую не можаце нават бацькам расказаць, пазваніце класнаму кіраўніку за парадай, зайдзіце ў любы храм, каб папрасіць дапамогі ў свяшчэнніка. Толькі не рабіце непапраўнага!

Я шчыра радуюся, калі нашы дзеці знаходзяць сябе ў жыцці. І гэта, па вялікім рахунку, не залежыць ад таго, як яны вучыліся ў школе. Хіба той, хто стаў дырэктарам завода, займеўшы найноўшы аўтамабіль і трохпавярховы катэдж, больш паспяховы, чым сціплая медсястра, што ўмее незаўважна рабіць уколы і без болю ставіць кропельніцу?

— Вам калі-небудзь было па-сапраўднаму страшна?

— Страшна — кожны дзень. (усміхаецца. – Заўв. аўтара). На самай справе, няма цяжэй сітуацыі, калі нешта здараецца з дзіцём, скажам, ён атрымлівае траўму. Тады сур’ёзна перажываеш, бо няма даражэй за здароўе нічога. Астатняе — дробязі, якія пераадолець дапамагае важная для любога кіраўніка рыса — стрэсаўстойлівасць.

— Шкадуеце аб нечым?

— Не задавала сабе такога пытання. Магчыма, па меркаванні ўласных дзяцей, удзяляла ім менш увагі, чым вучням. Толькі так, на жаль, бывае ў настаўніцкіх семьях. Затое зараз на ўнуках гэты дэфіцыт кампенсую.

— Ці засталася ў дырэктара мара?

— Памятаеце, як гераіня Наталлі Гундаравай з фільма “Двадцать лет спустя” на сустрэчы выпускнікоў адказала на пытанне: “Чаго ты чакаешь ад жыцця?” — “Я чакаю дзіця”. Так і дырэктар школы заўжды чакае дзіця.

— Як матэматык, вывелі ўласную формулу поспеху?

— Ранжыраваць праблемы і вырашаць галоўныя. Астатнія — падцягнуцца.

Школа ў лічбах і фактах

*Адкрыццё адбылося 31 жніўня 1991 г. У гэты дзень за парты селі 886 хлопчыкаў і дзяўчынак.

*На ўзвядзенні корпуса працавала будаўнічае ўпраўленне-219, шмат сіл прыклаў і калектыў ЖМЗ.

*Плошча – каля чатырох тысяч м. кв., тэрыторыя – 2,7 га.

*Сумарна ўстанова выпусціла 1719 вучняў, у тым ліку 116 залатых медалістаў і 48 сярэбраных.

*Першым дырэктарам быў Мікалай Чарнушэвіч.

*Максімальная колькасць дзяцей (1449) прыйшлася на 1998 год, найменшая (671) – 2011-ы. Сёлетняя напаўняльнасць складае 990 чалавек.

*Штат 125 чалавек, з якіх 35 працуюць з дня адкрыцця СШ.

* З 80-ці педагогаў 52 маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, два з’яўляюцца выдатнікамі адукацыі.

*Дэвіз школы: Інтэлект. Творчасць. Здароўе.

*700 кг. фарбы расходуецца на падлогу ў 47 класах, актавай і спартыўнай залах, сталовай.

*Сябры і шэфы – ААТ “Сатурн-1”, “Жыткавічыхімсервіс”, КУП “Жыткавіцкі камунальнік”, ПМС, лясгас.

Святлана Шакалян

Фота аўтара і з архіва школы

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.