Аптымізм падаўжае жыццё

Сусветная арганізацыя аховы здароўя не так даўно змяніла ўзроставую класіфікацыю. Напрыклад, маладосць цяпер працягваецца да 44-ох гадоў. Акалі наступае старасць? Пацікавіліся пра гэта ў землякоў і распыталі іх пра сакрэты доўгажыхарства.

Арон Флейтман, г. Тураў:

— Усё індывідуальна і зусім не залежыць ад пашпартнага ўзросту. Чалавек старэе, калі перастае думаць пра перспектыву, губляючы цікавасць да навакольнага свету. Мне ў студзені споўніцца 90, але дужа старым сябе не адчуваю. Стараюся заставацца ў гушчыні грамадскага жыцця, шмат чытаю, сачу за навінамі, наведваю бібліятэку, сустракаюся са школьнікамі. Магчыма, на такую актыўнасць паўплывала настаўніцкая прафесія, якой аддадзена шмат часу.

Людміла Янучок, г. Жыткавічы:

— Да пасіўнага чалавека старасць прыходзіць рана. Кожны з нас тварэц свайго лёсу. Важна мысліць пазітыўна, не скардзіцца на хваробы і максімальна займаць вольны час. Нават прымушаць сябе рухацца. Мне і на пенсіі ў сутках іншы раз не стае часу. Раніца пачынаецца з гімнастыкі, днём бягу ў ансамблі тэрытарыяльнага цэнтра спяваць і акампаніраваць на баяне. Летам і восенню — грыбы, ягады, агарод. А яшчэ сустрэчы з сябрамі, сям’я і шмат чаго іншага.

Ніна Голад, в. Пагост:

— А хто яго ведае? Не было калі задумвацца, бо рабіла ўвесь час без продыху. І даяркаю працавала, і ў брыгаду хадзіла, а дома яшчэ пяцёра малых ды хатняя гаспадарка. Раней, ведаеце, людзі мацнейшыя былі. Я дзве аперацыі перанесла, але дзякуй богу на сваіх нагах. Па сіле яшчэ і соткі даглядаю, дзеці дапамагаюць. Зімую ў іх, у Мінску. Калі здароўе не падводзіць, то вялікі век не ў цяжар. А наадварот — пакута.

Фёдар Макарэвіч, в. Пухавічы:

— Выхад на пенсію — не пачатак старасці. Яшчэ нядаўна і танцаваў, і на баяне іграў, і па паўмеха журавін збіраў. А пасля той “кароны”, якой сёлета перахварэў, адчуваю ўжо слабасць, арганізм не падманіш. У наступным месяцы будзе 76 гадоў. Хацелася б яшчэ праўнукаў дачакацца. Стараюся ківацца, жыта, буракі сею, картоплі вырошчваю. Ніколі не курыў, а чарачку на свята дазваляю. Рацэпту доўгажыхарства няма, то лёс. Мой дзед у лапцях 90 год пражыў.

Святлана Шакалян

фота аўтара і з архіва “НП”

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.