Блакітны агеньчык яго жыцця

Нерэгулярныя транспартныя зносіны паміж Туравам і райцэнтрам  у пачатку 90-х паўплывалі не толькі на прафесійны выбар Віктара Бердычаўца, але і дапамаглі яму дабіцца высокіх вяршынь у абранай справе.

Віктар Аўрамавіч нарадзіўся ў вёсцы Запясочча. Тут, у мясцовым калгасе, распачаўся яго працоўны шлях. Да службы ў арміі – у паляводчай брыгадзе, пасля – слесарам і падменным шафёрам. Але хлопец хацеў быць настаўнікам. З гэтай марай паступіў у Пінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум,  закончыўшы які, уладкаваўся майстрам вытворчага навучання  ў Жыткавіцкае ПТВ-182.

– Работа з дзецьмі вельмі падабалася. Каб удасканаліць майстэрства, стаў студэнтам-завочнікам Мазырскага педінстытута, – расказвае Віктар Аўрамавіч. – Толькі адна важкая прычына перашкаджала дзейнасці. Жыў у Тураве і штодня даводзілася дабірацца ў Жыткавічы. На той час гэта было вельмі складана, нярэдка і на працу спазняўся, а да дому вяртаўся запаўнач. Таму, калі даведаўся, што на месцы, у цэху газавай гаспадаркі, маецца вакансія майстра, і перайшоў у новую для сябе сферу.

З той пары, як Віктар Бердычавец стаў спецыялістам газавай гаспадаркі раёна, мінуў трыццаць адзін год. Улічваючы, што мужчыну цяпер шэсцьдзясят,  можна смела сказаць, што новая справа стала сэнсам яго жыцця. І ён вельмі гэтым ганарыцца.

– Працаўнікоў з такім салідным вопытам работы як у Віктара Аўрамавіча ў калектыве не так і многа, – заўважае дырэктар ВУ «Жыткавічыгаз» Віктар Купрацэвіч, – але менавіта яны служаць прыкладам адданасці нашай дзейнасці, сумленнасці і высокапрафесіянальнасці ў выкананні службовых абавязкаў. І такім спецыялістам у нас аказваецца належная пашана. Зычу, каб і надалей гэты чалавек не растраціў такіх высакародных якасцей.

З цеплынёй і пашанай адзываюцца аб працаўніку і яго таварышы па газавай справе. Гэта сапраўды так. Віктару Бердычаўцу прысвоена ганаровае званне «Ветэран працы РВУП «Гомельаблгаз». Узнагароджаны мужчына і Ганаровай граматай галаўнога прадпрыемства, мае падзякі. Канечне ж, не проста так, а за выніковую работу. Толькі майстрам Віктар Аўрамавіч адшчыраваў дзесяць гадоў. Прычым, доўгі час сумяшчаў пасаду  з вадзіцельскай справай.

Сёння Віктар Бердычавец – вадзіцель аўтамабіля 5 разраду, 2 класа аварыйна-дыспетчарскай службы ВУ «Жыткавічыгаз». Работа гэта вельмі адказная, патрабуе ад шафёра сабранасці. Выязджаючы з калегамі на выклікі, Бердычавец павінен не толькі своечасова даставіць брыгаду да месца прызначэння, але зрабіць гэта з максімальнай бяспекай. Таму спецыяліст пастаянна ўдасканальвае сваё майстэрства. Не стаіць ён у баку, калі слесарам на аб’екце патрабуецца дапамога.

Ён ніколькі не шкадуе, што ўласны лёс звязаў з газавай гаспадаркай. У жыцці цэніць найперш стабільнасць. Радуюць газавіка і двое дзяцей, якія таксама працуюць у згаданай сферы. Адным словам, складваецца моцная дынастыя газавікоў, якую заклаў Віктар Аўрамавіч.

Сяргей Белка

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.