Пандэміі супрацьпаставіць адказнасць і свядомасць

Калі раней мы віталіся словамі “Як справы?”, то зараз дзевяць з дзесяці размоў пачынаюцца з пытання пра здароўе. Так людзей перайначыў каронавірус.

Не перамагчы ў адзіночку

Пандэмія падзяліла свет на тых, хто перахварэў, і каму пакуль пашчасціла не падчапіць заразу, на ярых праціўніках вакцынацыі і яе прыхільнікаў. Падсілкоўваючыся інфармацыяй з розных крыніц (афіцыйных і не дужа), “кавідныя” дыскуссіі ў грамадстве не сціхаюць. Сітуацыя абрастае страшылкамі, нагнятаецца ціск, ідзе негатыў ў адрас медыкаў. І гэта ў той час, калі складанаму эпідэмічнаму становішчу трэба супрацьпаставіць уласную адказнасць і дысцыплінаванасць ў барацьбе з каварнай інфекцыяй. Відавочна, што кожны з нас павінен прымаць узважанае рашэнне, бо на кану самае дарагое – здароўе і жыццё.

Вядуць звухзменны прыём

Пад чырвоную зону ў раённай паліклініцы выдзелены асобны ўваход і дастаткова кабінетаў. Яшчэ пару тыдняў таму тут было, як кажуць, не праціснуцца. У 15 гадзін пятніцы на другім паверсе, дзе прымаюць людзей з тэмпературай і прыкметамі віруснай інфекцыі, — у чарзе 10 чалавек.

— Што тая маска дае ці прышчэпка? – з доляй агрэсіі ўступіў у гутарку мужчына перадпенсійнага ўзросту. – Няхай імунітэт загартоўваецца натуральным чынам.

Другі чалавек, сярэдніх гадоў, таксама свайго прозвішча не назваў, але меркаваннем падзяліўся.

— Падазраю, што перахварэў на кавід яшчэ ў снежні, два тыдні тады бюлеценіў. Вось зноў трапіў на бальнічны. Чаму не зрабіў прышчэпку? Спадзяваўся, што вірус больш не закране, ды і сумніў быў у яе эфектыўнасці. Цяпер вырашыў: як папраўлюся, пайду вакцынавацца. Медыкам зараз не пазайздросціш, але яны малайцы, трымаюцца.

Тэрапеўт Іна Кляцко, якая працуе ў “тэмпературным” кабінеце, расказала, што нягледзячы на выкліканую чацвёртай хваляй вялікую нагрузку, прыём у паліклініцы вядзецца да апошняга пацыента:

— Мабілізаваны і ўрачы, і іх памочнікі. Істотную дапамогу нам аказваюць камандзіраваныя калегі з Гомеля. Алгарытм лячэння выпрацаваны, але цячэнне хваробы ў параўнанні з мінулагодняй карцінай мяняецца. Цяжэй каронавірус праяўляецца ў непрышчэпленых, а кавідныя пнеўмані, што раней выяўлялі больш у пажылых, цяпер нярэдка дыягнастуюцца ў 30-40-гадовых.

Спускаюся на першы паверх чырвонай зоны, які прызначаны для людзей з пацверджаным каронавірусам. На лаўках – пяцёра пацыентаў.

— Той кароны не баіцца, хто ў бальніцы не ляжаў, — адгукнулася з чаргі жанчына, што прадставілася Наталляй Сяргееўнай. Пасля тыдня стацыянару яе перавялі на амбулаторнае далечванне. – Шпіталізавалі з-за скачка артэрыяльнага ціску, хварэла не надта цяжка, толькі слабасць вялікая спачатку была. Лічу, гэта прышчэпка дапамагла пазбегнуць ускладанняў. Бачыўшы, як пакутуюць людзі пад кіслароднымі апаратамі, многае пераасэнсоўваеш.

Жыткаўчанка не прамінула пахваліць персанал тэрапеўтычнага аддзялення за ўважлівасць і бясстомнасць. Ні адну просьбу яе і суседзяў па палаце не пакідалі без увагі, пастаянна наведваў урач, медсёстры выконвалі назначэнні, санітаркі рэгулярна дэзінфіцыравалі пакой.

Ніхто не панікуе

Камменціруючы сітуацыю, галоўны ўрач ЦРБ Людміла Катлярчук не хавала заклапочанасці тым, што пандэмія прымушае да вялікай мабілізаванасці сіл і рэсурсаў усяго калектыву. Але падстаў для панікі няма.

— Стацыянарная медыцынская дапамога аказваецца кругласутачна, — дае раскладку кіраўнік установы. – Штат укамплектаваны поўнасцю. У цяперашняй эпідсітуацыі часта абавязкі выконваюцца на ўмовах сумяшчальнасці. Бальніца забяспечана неабходнымі медыкаментамі, абсталяваннем, сродкамі індывідуальнай аховы, дэзінфіцыруючымі прэпаратамі. Пры гэтым мы пастараліся захаваць “чыстыя” ложкі для экстраных і нават планавых пацыентаў. Да прыкладу, сёлета ў радзільным аддзяленні ўжо прынята 42 дзіцяці.

Людміла Віктараўна рэкамендуе не прыслухоўвацца да інтэрнэтных экспертаў, а верыць медыкам, якія дрэннага не параяць. А яшчэ галоўны ўрач удзячна землякам, што ў такі перыяд з разуменнем ставяцца да працы работнікаў аховы здароўя, і асабліва тым людзям, хто зрабіў прышчэпку ці збіраецца на вакцынацыю, такім чынам дапамагаючы спецыялістам у белых халатах справіцца з эпідэміяй.

Вакцыніраваных прыбывае       

Усё больш жыхароў раёна выбіраюць імунізацыю супраць каронавірусу. Па апошніх дадзеных РайЦГіЭ, першы кампанент вакцыны атрымалі 8379 чалавек. Поўнасцю завяршылі курс 6195 грамадзян плюс яшчэ 40 прышчапіліся аднакампанентнай вакцынай “Спутник Лайт”. Ахоўны ўкол зрабілі першыя 13 цяжарных жанчын нашага рэгіёна.

У рэальным сектары эканомікі прыклад паказваюць “Эрбен груп” (74 % прышчэпленых), “Жыткавічыгаз” (68), ПМС (60). У філіяле Беларусбанка лічба складае 82 %. Не адстаюць бюджэтныя сферы: ТЦСАН (74%), адукацыя (71), культура (65). Сярод работнікаў ЦРБ застаюцца не правакцыніраванымі меньш за восем працэнтаў.

 

Святлана Шакалян

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.