Перамаглі мацнейшыя і сяброўства

БРУСП “Белдзяржстрах” напярэдадні свайго стогадовага юбілею  арганізуе нямала карысных і добрых спраў. Днямі ў іх эпіцэнтры апынуліся і Жыткавічы.

Пры спонсарскай падтрымцы кампаніі, па ініцыятыве абласнога ГА «Гомель волейбольный» у рамках праекта «Kids Volley» і практычнай дапамозе Жыткавіцкай ДЮСШ,  прайшоў валейбольны турнір сярод дзяўчат 2006-2008 гадоў нараджэння.  Дзякуючы сумесным намаганням, спаборніцтвы атрымаліся даволі цікавымі і вострымі і падаравалі нямала станоўчых эмоцый як гульцам, так і заўзятарам.

У спартыўнай зале сярэдняй школы №1 імя Р. Тураўца сабраліся даволі моцныя каманды. Акрамя выхаванак мясцовай ДЮСШ, у змаганні ўдзельнічалі спартсменкі з Лельчыцкага раёна  і г.п. Беражное Столінскага. Юных валейбалістак прывіталі ганаровыя госці: Аляксандр Шульгін, дырэктар філіяла Белдзяржстраху па Гомельскай вобласці, яго намеснік Вольга Кудрэвіч, кіраўнік прадстаўніцтва па нашаму раёну Ірына Жогаль, а таксама Юрый Хлапонін, старшыня савета абласнога  грамадскага аб’яднання «Гомель волейбольный», і Любоў Вартанян, майстар спорту СССР па валейболу. Усе выступоўцы зычылі, каб перамаглі не толькі мацнейшыя, але і сяброўства. Менавіта гэты пасыл зрабіў станоўчы адбітак на характар гульняў, якія прайшлі ў напружанай і драматычнай барацьбе.

Спачатку на пляцоўку выйшлі каманды з Жыткавічаў і Лельчыц. Лік першай партыі: 22 –25. На жаль, не на нашу карысць. І ў другой гаспадары нічога не змаглі супрацьпаставіць гасцям, таму матч закончыўся перамогай  лельчыцкай дружыны:  2-0.

— Сапернік вельмі моцны. Калектыў зыграны і вопытны.  І хаця мы прайгралі, але разам з тым  атрымалі добрую практыку ў спарынгу з такім апанентам, — зазначыў трэнер нашых дзяўчат Юрый Доваль. — Спадзяюся, што мае выхаванцы зробяць адпаведныя вывады і на другую сустрэчу выйдуць больш сабранымі і атрымаюць жаданы вынік.

Сапраўды, перапынак, пакуль мерыліся сіламі валейбалісткі з Лельчыц і Беражнога, нашым атлеткам пайшоў на карысць. Сустрэчу з камандай са Століншчыны яны распачалі даволі ўдала. Злавіўшы кураж, давялі разрыў у ліку да дзесяці ачкоў. Саперніцы ж з такім станам спраў мірыцца не хацелі, актыўна аказваючы псіхалагічны ціск і сабраўшы волю, так бы мовіць, у кулак, ледзь не пераламілі ход матча. Наша перавага пачала растварацца прама на вачах. Але жыткаўчанкі выстаялі і ў першай партыі з лікам 25-22 святкавалі перамогу. Другая палова матча засталася за валейбалісткамі з Беражнога. І вось трэцяя вырашальная партыя. Дзяўчаты з Брэстчыны ўпэўнена вядуць, з разрывам у тры-чатыры мячы. Адчуваюць важнасць моманту і нашыя зямлячкі. Відаць, яны былі больш матываванымі на перамогу, таму спачатку зраўняліся з саперніцамі, а пасля і дабіліся поспеху.  Фінальны свісток суддзі зафіксаваў канчатковыя лічбы сустрэчы: 2-1  на карысць выхаванак Жыткавіцкай ДЮСШ.

— Матч атрымаўся па напалу даволі эмацыянальным, — не хавалі радасці ад перамогі жыткавіцкія валейбалісткі. — Таму ўдвая прыемна атрымаць перамогу над такім  сапернікам.

Пачуцці жыткаўчанак зразумелыя. Па-сутнасці яны абыгралі зборную равеснікаў са Столінскага раёна. Надзвычай прыгожым атрымалася саперніцтва і паміж спартсменкамі з суседніх рэгіёнаў. За кожнае ачко яны біліся так, нібы  яно з’яўлялася вырашальным. Імклівыя перадачы, трапныя ўдары, упэўненыя прыёмы мяча, высокія блокі над сеткай — усё гэта ўбачылі заўзятары ў гульні.

Канечне, пасля спаборніцтваў каманды выпраменьвалі не толькі станоўчыя эмоцыі, а і пэўныя ноткі расчаравання, што не ўвесь патэнцыянал удалося рэалізаваць на пляцоўцы. Толькі пазітыўны настрой перамог, асабліва пасля ўручэння ўзнагарод, якія прадаставіла кіраўніцтва Белдзяржстраху. Першае месца заваявалі валейбалісткі з Беражнога, другое — з Лельчыц, а трэцяе — з Жыткавічаў. У ліку лепшых гульцоў Ксенія Дарафей (Жыткавічы), Марыя Страха (Беражное) і Юліана Кужаль (Лельчыцы). Яны і каманды атрымалі кубкі, а кожная ўдзельніца і трэнеры — падарунакі. За добрую арганізацыю заахвочаны грашовым сертыфікатам на тры тысячы рублёў і спортінвентаром калектыў нашай  дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Турнір прадэманстраваў яшчэ адзін важны момант  жыцця, дзе маюць месца развіццё дзіцячага спорту і далучэнне маладых да здаровага ладу жыцця.

Сяргей БЕЛКА

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.