Багаты гадамі і вопытам

Бягучы працоўны тыдзень для Васіля Ганчарова, майстра службы вонкавых газаправодаў і збудаванняў на іх, унутрыдамавых газавых сістэм і абсталявання ВУ «Жыткавічыгаз», распачаўся з прыемнай падзеі. Ва ўрачыстай абстаноўцы кіраўніцтва філіяла ўручыла яму Ганаровую грамату РВУП «Гомельаблгаз». Такім чынам аказалі пашану не толькі прафесіяналізму спецыяліста, але і адзначылі яго асабісты юбілей – шасцідзесяцігоддзе з дня нараджэння.

Васіль Ганчароў уліўся ў сям’ю жыткавіцкіх газавікоў у 2002 годзе. Пачаў дзейнасць са слесара трэцяга разраду па эксплуатацыі і рамонту газаправодаў.  Пра той час работнік успамінае з усмешкай:

– Што там тых газавых артэрый было – мізэр. У асноўным па іх падавалася блакітнае паліва ў шматпавярхоўкі.  Гэта ўжо, калі прыродны газ у раён прыйшоў, наша гаспадарка значна пашырэла і клопатаў у службы прыбавілася.

Сапраўды, майстру і яго падначаленым штодня даводзіцца забяспечваць безаварыйную і бесперабойную работу на камунікацыях працягласцю больш як чатырыста кіламетраў. І гэта толькі трубаправоды, якія пранізваюць раён у розных накірунках. Акрамя іх спецыялісты службы старанна сочаць і за станам работы газаразмеркавальных пунктаў, іншага абсталявання, праз якое прыроднае паліва падаецца ў нашы дамы. Васіль Ганчароў і яго каманда не наракаюць на такі вытворчы расклад, а наадварот, іх пашырэнне аб’ектаў  надзвычай радуе і натхняе на новыя справы.

– Працаваць патрэбна з агеньчыкам, каб усё ў руках гарэла.  Тады абавязкова поспеху даб’ешся, – заўважае Васіль Рыгоравіч. – А добрыя вынікі работы ў нашым калектыве заўважаюць вельмі хутка і павагу належную за старанне абавязкова мець будзеш.

Але не толькі гэта выклікае станоўчыя эмоцыі ў газавіка з дваццацігадовым стажам. Самымі прыемнымі момантамі ва ўласнай рабоце лічыць, калі блакітнае паліва паступае ў дамы гараджан і вяскоўцаў. Нядаўна пуск газа спецыялісты са службы зрабілі ў аграгарадку Азяраны. З гэтай падзеяй у дамах мясцовых жыхароў і цяпло з’явілася, і камфорту пабольшала.

– Вось дзеля гэтага і шчыруем, каб людзям жылося лягчэй, – падводзіць рысу Васіль Гапнчароў.

Ва ўпраўленні ён не толькі адказвае за газаправоды і камунікацыі на іх, але і кіруе аўтазаправачнай газавай станцыяй. І тут таксама водпуск паліва намнога ўзрос, бо шмат вадзіцеляў даўно аддалі перавагу гэтай крыніцы энергіі для сваіх сталёвых коней.

Васіль Ганчароў родам з Чарнігаўшчыны. Але так распарадзіўся лёс, што большую частку жыцця звязаў з Беларуссю. Вучыўся ў ПТВ у Жодзіна. Пазней у Гомельскім машынабудаўнічым тэхнікуме. Ды і свае першыя сталыя крокі зрабіў пасля службы ў арміі на Жыткавіцкай зямлі.  Уладкаваўся токарам на наш ЖМЗ. На прадпрыемстве дарос да зменнага майстра цэха і начальніка ўчастка. Старшым майстрам працаваў немалы перыяд і ў ДВУП «Жыткавічыцепласетка». Ранейшыя навыкі дазволілі хутка асвоіцца і на новым месцы работы. Васіль Рыгоравіч з тых людзей, якія шчыруюць так, каб максімальна быць карыснымі грамадству. Поплеч з бацькам працуе кантралёрам у ВУ «Жыткавічігаз» і дачка.  Відавочна, што майстру ёсць каму перадаць уласны багаты вопыт.

Сяргей Белка

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.