Хто рабіць бярэцца, той і вучыцца
Штогод наш раён папаўняюць свежыя кадры. Напрыклад, сёлета на прадпрыемствы і ў арганізацыі жыткаўшчыны накіраваны 95 выпускнікоў розных навучальных устаноў. Як моладзь замацоўваецца ў працоўных калектывах?
Айбаліт Маша
Дзе знаходзіцца Тураў, да сёлетняга жніўня студэнтка Віцебскага ветэрынарнага ўніверсітэта Марыя Лосік ведала хіба толькі тэарэтычна. Жыхарка Салігорска выбрала на размеркаванні наш раён, каб быць бліжэй да дому. Маладога спецыяліста прызначылі ветэрынарным урачом на МТФ “Казаргаць-1” ААТ “Тураўшчына”.
— Працаўладкаваннем задаволена, зарплаты пакуль на адну хапае, — не хавае ўсмешкі Маша. — Ферма невялікая, у першы дзень паспела перазнаёміцца з усімі работнікамі і праінспекціраваць памяшканні з жывёлаю. Гаспадарка выдзяліла пакой у службовай кватэры, суседкі у мяне добрыя.
Першыя месяцы праляцелі імгненна і нядаўнюю выпускніцу ВНУ многаму навучылі. Па-першае, браць адказнасць, а па-другое, хутка прымаць рашэнне. Марыя Мікалаеўна ўдзячна калектыву за падтрымку і парады, ад якіх не адмаўляецца:
— Адчуваю, што не хапае практычных навыкаў. Многія тут і без ветадукацыі разумеюць больш за мяне, так што прыглядаюся і назапашваю вопыт.
Трэба было бачыць, якой дабрынёй засвяціліся вочы дзяўчыны, калі мы падышлі да клетак з маленькімі цяляткамі. Адкуль у гарадскога дзіцяці цяга да жывёл? Родам яна з дзяцінства, ад вясковай бабулі, двор якой поўніўся рознай худобай. А яшчэ ў школьныя гады Маша займалася ў конна-спартыўным клубе. Так што жаданне звязаць лёс з сельскай гаспадаркаю было свядомым.
вуснамі дзіцяці
Прыкладам у прафесіі для тураўчанкі Веранікі Калоська сталі яе бацькі, выхавальнікі дзіцячага дому сямейнага тыпу. У гэту ўстанову трапляюць пераважна сацыяльныя сіроты-малышы. Старэйшая дачка, колькі сябе памятае, заўжды дапамагала маці няньчыцца з названымі братамі ды сястрычкамі.
— Іншую спецыяльнасць нават не разглядала, — кажа педагог дашкольнага выхавання, якая другі год працуе ў яслях-садзе пасёлка Чырвонае. — Гэта тое, што мне знаёма і падабаецца.
Пасля заканчэння Полацкага педагагічнага каледжа ў адрозненне ад многіх аднакурснікаў Вераніка Сяргееўна не марыла пра вялікі горад. Правінцыйнай дзяўчынцы наадварот хацелася жыць у ціхім паселішчы, таму з дзвюх прапаноў — Жыткавічы ці Чырвонае — выпускніца аддала перавагу апошняму.
За год у дружным калектыве яна атрымала шмат прафесійнага досведу, навучылася наладжваць стасункі з калегамі, бацькамі выхаванцаў, ну і з самімі дзецьмі, зразумела. З месяц таму маладому спецыялісту далі арэнднае жыллё. Добраўпарадкаваная двухпакаёўка зараз абстаўляецца мэбляй і бытавой тэхнікай. Калі спачатку Вераніка ездзіла дадому ледзь не кожныя выхадныя, то цяпер з ахвотай застаецца ў пасёлку. На працу да сваіх трох-, чатырохгадовікаў штодня яна ідзе з вялікім задавальненнем. Развітваючыся, дзяўчына прызналася, што ў сваім жыцці нічога не хацела б мяняць і пасля абавязковай адпрацоўкі.
Каштоўны вопыт медыка
Ганна Чарнякова трэці год працуе ў Жыткавічах хірургам. І ніколькі не шкадуе, што лёс закінуў яе, карэнную гамяльчанку, у самы далёкі раён вобласці.
— Практычныя навыкі для маёй спецыяльнасці — самае галоўнае, а ў невялікіх бальніцах хутчэй набіраешся шматпрофільнага вопыту, чым у вузкаспецыялізаваных клініках, — адзначае перавагі правінцыйнасці малады ўрач. — Вельмі ўдзячна, што выпала пачынаць кар’еру пад началам такога высокакваліфікаванага чалавека як Вячаслаў Павяльчук. Пашчасціла і на добры калектыў аддзялення, які ў той год, акрамя мяне, прыняў яшчэ двух калег пасля інтэрнатуры.
ЦРБ выплаціла ўрачу “пад’ёмныя”, праз некалькі месяцаў яе засялілі ў арэндную кватэру.
У Гомельскі медыцынскі ўніверсітэт Ганна Алегаўна паступіла з першага разу, вучылася з ахвотаю. З трэцяга курса пайшла працаваць медсястрой у рэанімацыю. Сёння яна задаволена сваёй запатрабаванасцю і немалым стажам аперацыйнай актыўнасці ў нашым стацыянары. Разуменне таго, што можаш дапамагчы пакутуючым, дае маладому доктару сілы і ўпэўненасць у дзеяннях. Не пахіснуў гэту перакананасць і каронавірус, з якім дзяўчыне прыйшлося сутыкнуцца меней чым праз паўгода пасля прыёму на працу.
— Гэтым летам знайшла вакансію ў адной з гомельскіх паліклінік, — падзялілася планамі пра пераезд Ганна Чарнякова, — але, паразважаўшы, прыйшла да высновы, што размераны амбулаторны прыём пакуль не гатова прамяняць на адрэналін стацыянару. А ці надоўга застануся ў Жыткавічах, пакажа час.
Святлана Шакалян
фота аўтара і з архіва гераінь матэрыяла