Мабільная працы не спыняе

Падчас чарговага рэйду па арганізацыях раёна спецыялісты мабільнай групы райвыканкама  найперш звярталі ўвагу на тое, як на месцах выконваюцца дадзеныя раней рэкамендацыі. І варта сказаць, што ўбачылі нямала станоўчага.

Такарны цэх КСУПа “Коленскае”. Наведванне яго летам пакінула не самыя прыемныя ўражанні. Цяпер жа малюнак кардынальна памяняўся. На станку ўстанавілі ахоўны экран, дбайна залаталі ўсе выбоіны на падлозе, адключылі і абазначылі спецыяльнымі надпісамі непрацуючае абсталяванне, нанеслі на паліцы знакі аб іх нагрузцы. У парадку захоўваліся балоны з газам на зварачным участку, а на малочнатаварным комплексе “Пасека” закрылі шчытамі небяспечныя ўчасткі сістэмы гноевыдалення і прадэманстравалі новыя лесвіцы, збітыя згодна з патрабаваннямі правілаў бяспекі, у кацельні машынна-трактарнага парку ўзвялі дымаход з цэглы. І гэта не поўны пералік станоўчых момантаў у дзейнасці па ахове працы ў сельгаспрадпрыемстве.

Разам з тым, рэйд паказаў, што дасягнутае яшчэ патрабуе шліфоўкі і шліфоўкі, каб давесці сітуацыю да ідэальнага стану. Прыкра тое, што самі работнікі дапускаюць хібы, вобразна кажучы, на роўным месцы. І такія прыклады правяраючыя ўбачылі ў рамонтнай майстэрні.  Механізатары знялі рухавік для ўзнаўлення, але паставілі яго не на спецыяльную падстаўку, а на апон з цялежкі. Не поўнасцю закрылі шчытамі аглядальную яму, а ў дравяным складзе — ахоўным плафонам лямпачку. І такіх дробязных парушэнняў назбіралася на аб’ектах гаспадаркі з дзясятак.

— Асноўная прычына, чаму так атрымліваецца, — пракаменціраваў галоўны дзяржаўны інспектар Жыткавіцкага міжраённага аддзела Гомельскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента  дзяржінспекцыі працы Юрый Дземідзюк, — слабы кантроль за выкананнем правілаў аховы працы з боку адказных спецыялістаў. Многіх заўваг ад членаў мабільнай групы ўдалося б пазбегнуць, калі б яны своечасова адрэагавалі на яўнае невыкананне іх работнікамі.

Сапраўды, Юрый Канстанцінавіч у пэўнай стпені мае рацыю. У акцыянерным таварыстве “Жыткавіцкі агратэхсервіс” усе добра ведаюць, што нельга захоўваць адпрацаваныя гаруча-змазачныя матэрыялы ў рамонтнай майстэрні. Але пасля таго, як рабочыя злілі ў бочкі масла з трактароў, ёмістасці так і застаюцца ў непасрэднай блізкасці ад тэхнікі. Нараканні ўдзельнікі маніторынгу выказалі і па такарных станках. Ні на адным з іх не было ахоўных прыстасаванняў, а на прыборах асвятлення адсутнічалі лямпачкі. Спецыяліст энергагазінспекцыі   Мікалай Клімавец паказаў на электрычны кабель, які  праходзіў па падлозе і па ім тапталіся людзі. Сярод іншых парушэнняў мелі месца і правады ў скрутку, на адным умацаванні іх трымалася па некалькі. Хітом сталі цялежкі без інвентарных нумароў і маркіроўкі  грузападымальнасці. Самаробная лесвіца-страмянка таксама не адпавядала правілам бяспекі. Дарэчы, па меркаванні Юрыя Дземідзюка, менавіта такі, непрыстасаваны да работы і не правераны  інвентар, даволі часта з’яўляецца крыніцай траўміравання работнікаў. Вось і ў ААТ “Жыткавічыхімсервіс” ля сушыльнага комплексу прымайстравалі драбіны. Было відавочна, што па іх работнік падымаецца, каб правяраць загрузку бункера. Канечне, у апошняй арганізацыі стварэнню бяспечных умоў надаецца вялікае значэнне.  Але, як паказаў апошні маніторынг мабільнай групы, праколы і тут надараюцца.

— За бягучы год за неналежнае выкананне правілаў па ахове працы выдадзена работнікам арганізацыі дванаццаць прадпісанняў, — расказвае інжынер па АП і ТБ Аляксандр Кайчук. — Пастаянна праводзяцца навучанне і інструктажы, але, на маю думку, у многім поспехі ў важнай справе залежаць ад дбайнасці і сумленнасці работніка.

З такім пунктам погляду нельга не пагадзіцца. Хто перашкаджаў зваршчыку перад работай праверыць на газавым балоне якасць замацавання манометра? Ніхто. Выпраўляць кінуліся толькі тады, калі прайшоў маніторынг.

Відавочна, што работа мабільнай групы райвыканкама пры належных падыходах на месцах аказваецца даволі дзейснай. А значыць, на нашай вытворчасці меншае небяспекі і трагічных выпадкаў.

Сяргей БЕЛКА

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.