Мы ўсе вучыліся патроху

Міжнародны дзень студэнта, які адзначаўся на гэтым тыдні, — нагода, каб пацікавіцца ў землякоў, наколькі запатрабаваным стаўся ў іх прафесійным жыцці дыплом?

Яўген Хілько, в. Хлупін:

— У 2005 годзе скончыў Лоеўскі педагагічны каледж і ўжо паўтара дзясятка гадоў працую па спецыяльнасці – настаўнікам пачатковых класаў. Так што безумоўна, атрыманы падчас вучобы інтэлектуальны багаж спатрэбіўся спаўна. І, дарэчы, не толькі ў прафесіі, а і сям’і, напрыклад, бо бацькі па сутнасці – тыя ж педагогі, праўда? Наогул, лічу, што любыя веды не бываюць лішнімі, як колісь казалі, у іх – сіла. Вучыцца і самаадукоўвацца чалавек павінен усё жыццё.

Алена Пошпал,  агр. Людзяневічы:

— Марыла ў дзяцінстве стаць доктарам, але атрымала дыплом швачкі-закройшчыцы. У рэшце і ён спатрэбіўся толькі на практыцы. У камбінаце бытавога абслугоўвання тады месца не было. Пошукі вакансіі прывялі на пошту, дзе прафесійныя веды спасцігаліся праз працу. Пачынала паштальёнам, сёння  — начальнік аддзялення. А ўменне шыць выкарыстоўваю дома, аддзенне адрамантаваць, ці бялізну падстрачыць.

Рыгор Шруб, агр. Азяраны:

— Веды важна пастаянна папаўняць. І дзед мой, і бацька — пчаляры-самавукі. Я ж гэтай спецыяльнасці паехаў вучыцца ў Бераставіцу. Абітурыентам ужо ведаў шмат прафесійных тонкасцяў, лёгка атрымаў чырвоны дыплом. Выкладчыкі раілі ісці ў ВНУ, а я рваўся на працу. Вытворчасцю мёду ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве займаўся з 1986 па 2018 гады. Зараз трымаю толькі ўласныя вуллі, больш за сотню пчаліных сем’яў.

Яўгенія Пыцель, г. Тураў:

— Прафесія ў мяне самая смачная — кандытар. Але так склаўся лёс, што па ёй, у агульным сэнсе, не працую — усяго паўтара года стажу на вытворчасці. Пасля таго, як стала жонкаю святара, мая справа — ва ўсім дапамагаць мужу. У саборы часта прыходзіцца накрываць трапезы, таму кулінарнае ўменне пастаянна практыкую. З ахвотай пяку, канечне, і для сям’і.

Святлана Шакалян,

фота з архіва “НП”

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.