Народ сказаў сваё слова
Сёння спаўняецца двац-цаць пяць гадоў другому рэспубліканскаму рэферэндуму. Беларусы прыйшлі на ўчасткі, каб выказацца наконт будучага будаўніцтва ўласнай дзяржаўнасці.
Тое волевыяўленне народа стала гарантам стабільнасці і паспяховага развіцця нашага грамадства, бо менавіта тады была прынятая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь са змяненнямі і дапаўненнямі, па сутнасці новая рэдакцыя галоўнага Закона краіны. Дзякуючы рашэнню людзей, у асноўным змены закранулі пераразмеркаванне ўлады паміж Прэзідэнтам, Парламентам і Урадам.
Усяго ў галасаванні прынялі ўдзел 6 181 463 чалавекі з 7 346 397 грамадзян, якія мелі права ўдзельнічаць у плебесцыце. Чатыры пытанні з сямі былі ініцыіраваны прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, астатнія — дэпутатамі Вярхоўнага Савета. Дзякуючы народнай падтрымцы прэзідэнцкіх прапаноў, Дзень Незалежнасці ў Рэспубліцы Беларусь сталі святкаваць 3 ліпеня, прыўрочылі вялікае свята да вызвалення сталіцы нашай радзімы ад фашысцкіх захопнікаў. Гэтая дата больш зразумелая прадстаўнікам розных пакаленняў, бо краіна сапраўды стала незалежнай, што толькі паспрыяла згуртаванасці людзей, паляпшэнню патрыятычнага выхавання моладзі.
Што тычыцца паправак у Канстытуцыю, то гэтыя дапаўненні замацавалі ў асноўным Законе права кожнага грамадзяніна на годнае жыццё, прынцып верхавенства закона. Таксама ўнесенымі дапаўненнямі ў Канстытуцыю зменены кола суб’ектаў, якія маюць права ініцыіраваць правядзенне рэспубліканскіх рэферэндумаў, роля Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у дзяржаўным механізме, пашырана яго кампетэнцыя, месца Канстытуцыйнага суда, статуса Урада — Савета міністраў, павышана яго самастойнасць, створаны двухпалатны Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь замест аднапалатнага Вярхоўнага Савета, уведзена права на адкліканне дэпутата, створаны Камітэт дзяржаўнага кантролю. Несумненна, што ўсе гэтыя новаўвядзенні толькі станоўча паўплывалі на функцыяніраванне органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладаў, накіраванае на паляпшэнне жыццядзейнасці насельніцтва. Цяперашні час паказвае, што дадзены на рэспубліканскім рэферэндуме імпульс будаўніцтву дзяржаўных кіруючых органаў аказаўся правільным і прынёс нашаму народу нямала карысці. Гэта і стабільнасць у грамадстве, і сацыяльна-арыентаванае эканамічнае развіццё, і належны правапарадак у краіне, і многія іншыя выгоды. Сапраўды, у краіне не дапушчаны разгул злачыннасці. І ў пэўнай ступені гэта таксама дзякуючы народнаму волевыяўленню, зробленаму ў лістападзе 1996 года, калі беларусы не падтрымалі адмену смяротнага пакарання. Канечне, гэтае рашэнне можна аспрэчваць, абвінавачваць нас у антыгуманнасці, бо, як кажуць, самае каштоўнае, што ёсць у чалавека, гэта яго жыццё і ніхто не мае права адабраць яго. Але ж разам з тым, як ставіцца да злачынца, які мэтанакіравана адбірае жыццё ў другіх, гвалтуе непаўналетніх дзяцей, прадае інтарэсы сваёй Радзімы. Усё ж тормаз для такіх людзей павінен быць, няхай і ў выглядзе суровай меры.
З традыцыйнай памяркоўнасцю і разважлівасцю беларусы адказалі і на пытанне аб продажу і пакупцы зямлі без абмежаванняў. Гістарычна для беларускага селяніна гэта рытарычнае пытанне. І запаветная мара мець уласны кавалак зямлі для вяскоўца заставалася актуальнай многія стагоддзі. Гэта яскрава апісана класікамі нашай літаратуры. Менавіта памяць аб тым не дазволіла і цяперашнім пакаленням абысціся бяздумна з усеагульным набыткам. Яна засталася ў агульным карыстанні. Можна многа казаць пра эфектыўнасць працы на ёй прыватніка і калгасніка. Безумоўна ёсць хібы і там і там, але захаваўшы ў сельскай гаспадарцы грамадскі сектар вытворчасці, Беларусь за параўнальна невялікі перыяд не толькі накарміла ўласнае насельніцтва, але і стала міравым лідарам па экспарту харчавання. І гэтая пазіцыя толькі ўмацоўваецца.
Вынікі рэспубліканскага рэферэндуму засведчылі высокі давер беларусаў, якія ў сваёй большасці аказалі палітычнаму курсу прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, бо пытанні, вынесеныя дэпутатамі Вярхоўнага Савета, не знайшлі падтрымкі ў народа. У прыватнасці, яны таксама ўнеслі свае папраўкі і дапаўненні ў Канстытуцыю, выступалі за тое, каб мясцовыя органы ўлады абіраліся па тэрытарыяльнаму прынцыпу, а фінансаваліся толькі з рэспубліканскага бюджэта і толькі яўна. Безумоўна і ў гэтым было рацыянальнае зерне, але ж прынцып дэмакратычнага цэнтралізму мае на ўвазе, што меньшасць заўсёды падпарадкоўваецца большасці. А воля народа — імпульс для дзеяння ўсяго дзяржаўнага апарату.
Сяргей Мікалаеў